1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі актыўна супрацоўнічае з 80 краінамі свету. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам у час адкрыцця першага Еўразійскага форуму маладых вучоных старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У навуцы няма перашкод, навука - інтэрнацыянальна, таму мы развіваем супрацоўніцтва не толькі ў рамках ЕАЭС, у нас цесныя сувязі і з іншымі краінамі, напрыклад, Германіяй, ЗША, Францыяй. НАН Беларусі падпісала дагаворы аб супрацоўніцтве з 80 краінамі. І мы маем прамыя кантакты як на ўзроўні прызнаных, так і маладых вучоных", - адзначыў ён.
Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што беларускія маладыя вучоныя ў апошнія гады сталі значна больш актыўнымі. "З'яўляецца ўсё больш і больш інавацыйных праектаў - маладзёжных або з удзелам маладых вучоных. Што датычыцца ўкаранення праектаў - цяпер з гэтым няма праблем. Мы чакаем праекты і распрацоўкі і гатовы аказваць дапамогу ў іх укараненні. Акрамя таго, цяпер мы працуем над стварэннем маладзёжнай акадэміі навук", - растлумачыў ён.
Як удакладніў старшыня Савета маладых вучоных акадэміі Андрэй Іванец, цяпер у структуры НАН працуюць амаль 25 працэнтаў маладых вучоных.
Паводле слоў старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, першы Еўразійскі форум маладых вучоных - важнае для навуковай супольнасці мерапрыемства. "Мы вельмі задаволены тым, што форум праходзіць менавіта ў Мінску. У час мерапрыемства маладыя вучоныя прадставілі выстаўку сваіх праектаў, і некаторыя распрацоўкі ўражваюць - яны інавацыйныя, маюць прарыўны характар і вялікія перспектывы", - канстатаваў Уладзімір Гусакоў.
Першы Еўразійскі форум маладых вучоных праходзіць 1-4 снежня ў Мінску. Мерапрыемства было прапанавана Саветам маладых вучоных НАН Беларусі і падтрымана ўсёй вучонай моладдзю краін ЕАЭС. Фармат прадугледжвае яго правядзенне адзін раз у два гады і ратацыю месца правядзення. Удзел у ім прымаюць амаль 500 чалавек, 100 удзельнікаў прыехалі з-за мяжы (Расіі, Казахстана, Арменіі, Турцыі, Германіі і іншых краін). Асноўная мэта мерапрыемства - аб'яднаць на адной пляцоўцы маладых вучоных краін ЕАЭС, якія працуюць над буйнымі міждысцыплінарнымі праектамі, якія накіраваны на вырашэнне глабальных, фундаментальных і прыкладных задач у навуцы. Такім чынам, у ходзе форуму будуць паказаны дасягненні ў розных галінах - ад аховы навакольнага асяроддзя да медыцыны. Фокус мерапрыемства сканцэнтраваны на навуковых прарывах, эканамічных і сацыяльных працэсах, якія працякаюць на фоне інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. У ходзе работы форуму будуць выдзелены тры напрамкі: матэрыялазнаўства, навукі аб жыцці і сацыяльна-гуманітарныя навукі.