17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта - выканаўчага сакратара СНД Віктар Гумінскі ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў аб эканамічных магчымасцях, якія адкрывае для Беларусі 26-я летняя сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
"Раней, калі я займаў пасаду віцэ-спікера (Палаты прадстаўнікоў. - Заўвага БЕЛТА), прадстаўляючы нашу краіну на пасяджэннях Парламенцкай асамблеі, часта пераконваўся ў тым, што інфармацыя пра Беларусь, нашу культуру і менталітэт людзей, якую маюць на Захадзе, недастатковая. Праўда, паступова сітуацыя пачала мяняцца ў лепшы бок. І, як вы ведаеце, рашэнне аб тым, што менавіта Беларусь будзе гаспадыняй летняй сесіі 5-9 ліпеня, было прынята аднагалосна", - нагадаў Віктар Гумінскі. Ён канстатаваў вялікую цікавасць і да Беларусі, і да самога факта прыняцця рашэння аб правядзенні сесіі з боку заходніх парламентарыяў. "Многія з іх у размове са мной прызнаваліся, што хочуць хутчэй убачыць нашу краіну. А ў нас ёсць магчымасць дастойна яе прадставіць", - перакананы ён.
На думку субяседніка, 26-я сесія павысiць ролю краіны ў пытаннях сусветнай палітыкі і бяспекі. "Узровень плануемых у Мінску сустрэч сведчыць аб тым, што кіраўніцтва АБСЕ ў цэлым адышло (няхай пакуль і не ў поўнай меры) ад палітыкі двайных стандартаў, якая яшчэ нядаўна да нас прымянялася. Цяжка было нешта даказваць, таму што на еўрапейскіх пляцоўках чулі, як правіла, толькі адзін бок, а доказы другога не ўлічваліся. Нам даводзілася нялёгка, але нават у тыя часы ўдавался праводзіць на сесіях ПА АБСЕ свае рэзалюцыі, якія прымаліся. Яны датычыліся падтрымання міру і бяспекі, развіцця зялёнай эканомікі, барацьбы з гандлем людзьмі і іншых важных тэм", - расказаў ён.
Віктар Гумінскі перакананы, што маючая адбыцца сесія ПА АБСЕ адкрывае для Беларусі вялікія магчымасці для выбудоўвання дыялогу з палітыкамі іншых краін, і не толькі. "Еўрапейскія парламентарыі часта яшчэ і бізнесмены, і мне здаецца, што нашым зацікаўленым міністэрствам можна было б праз дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прапрацаваць праграмы сустрэч з гасцямі, якія іх цікавяць, і абмеркаваць усе пытанні. Такім чынам, можна зрабіць яшчэ адзін крок па наладжванні бізнесу, гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з тымі ж партнёрамі з краін Еўрасаюза. Усё ж яны будуць у Мінску пяць дзён, а гэта нямала", - лічыць першы намеснік старшыні Выканкама СНД. Ён выказаў надзею, што беларускія міністэрствы і ведамствы максімальна выкарыстоўваюць магчымасці гэтай пляцоўкі і таксама атрымаюць карысць ад мерапрыемстваў ПА АБСЕ.
Акрамя таго, ёсць выдатная перспектыва адпрацаваць пытанні двухбаковага міжпарламенцкага супрацоўніцтва. "Не сумняваюся, што гэтай магчымасцю скарыстаюцца дэпутаты Нацыянальнага сходу. Што можа быць зручней? Не трэба нават выязджаць за межы Беларусі, але пры гэтым арганізаваць важныя сустрэчы і аб усім дамовіцца", - дадаў субяседнік.
Парламенцкая асамблея АБСЕ створана ў красавіку 1991 года ў Мадрыдзе (Іспанія), у яе рабоце прымаюць удзел 323 парламентарыі, якія прадстўляюць 57 краін. Асноўнымі задачамі з'яўляюцца садзейнічанне міжпарламенцкаму дыялогу, падтрымка дэмакратычных інстытутаў у дзяржавах - удзельніцах АБСЕ, развіццё супрацоўніцтва і бяспекі ў рэгіёне. Галоўная падзея ў дзейнасці ПА АБСЕ - штогадовая летняя сесія, на якой выбіраюцца кіраўніцтва і службовыя асобы асамблеі, прымаюцца дэкларацыі і рэзалюцыі.