25 жніўня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. "Гомсельмаш" ажыццявіў першыя пастаўкі збожжаўборачных камбайнаў GS12A1 у Арменію, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт прадпрыемства.
Збожжаўборачны камбайн GS12A1 - мадыфікацыя камбайна GS12 больш высокага тэхнічнага і канструктыўнага ўзроўню. Высокая прадукцыйнасць дасягаецца за кошт рухавіка магутнасцю 330 к.с. Дзве такія машыны паспяхова працуюць на збожжавых нівах Арменіі. Як падкрэслілі ў кампаніі, тэхніка была зроблена з улікам пажаданняў армянскіх аграрыяў.
Намеснік міністра сельскай гаспадаркі Арменіі Вілен Авецісян і начальнік інспекцыі сельскагаспадарчай тэхнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі Ананія Сагаманян наведалі збожжавыя полі ў Мартакерцкім раёне, дзе збіраюць ураджай камбайны "Гомсельмаша". "Ананія Сагаманян адзначыў, што камбайн адпавядае лепшым аналагам сусветных вытворцаў у сваім класе. У Арменіі многія аграрыі лічаць больш мэтазгодным выкарыстоўваць беларускую сельгастэхніку. Яны шмат гадоў працавалі з ёю, яна ім бліжэйшая", - расказалі на прадпрыемстве.
"Гомсельмаш" актыўна падтрымлівае і развівае экспартна арыентаваную палітыку. Так, нядаўна адпраўлена чарговая партыя машынакамплектаў збожжаўборачнага камбайна GS12A1 (ESSIL КЗС-760) на зборачную вытворчасць у Казахстане.
Як удакладнілі на прадпрыемстве, цяпер больш за 30 працэнтаў збожжаўборачных камбайнаў на палях Казахстана - гэта машыны казахстанска-беларускай вытворчасці: GS5A (ESSIL КЗС-730), GS10 (ESSIL КЗС-740), GS12 (ESSIL КЗС-750) і GS12A1 (ESSIL КЗС-760). Цяпер тэмпы росту адгрузкі тэхнікі вышэйшыя, чым у мінулым годзе. За першае паўгоддзе 2020 года адгрузілі больш за 300 машын.
"Гомсельмаш" і "АграмашХолдынг KZ" ажыццяўляюць у Казахстане сумесную зборку збожжаўборачных камбайнаў пад брэндам ESSIL з 2007 года. "АграмашХолдынг KZ" выпускае мадэльны рад збожжаўборачных камбайнаў ад 5 да 12 кг/с, наладзіўшы ўласны сэрвіс па ўсёй краіне.
Холдынг "Гомсельмаш" - адзін з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі, які ўваходзіць у лік лідараў сусветнага рынку камбайнаў і іншых складаных сельгасмашын. Прадпрыемства выпускае мадэльныя рады збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў, пачаткаўборачныя і бульбаўборачныя камбайны, касілкі і іншую сельгастэхніку. Камбайны працуюць на палях Расіі, Украіны, Казахстана, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Балгарыі, Аргенціны, Бразіліі, Кітая, Рэспублікі Карэя, краін Балтыі. Кампанія мае шырокую тавараправодную сетку, сумесныя прадпрыемствы і зборачныя вытворчасці.