25 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Гомсельмаш" аднаўляе супрацоўніцтва з Гянджынскім аўтамабільным заводам, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу прадпрыемства.
Бакі падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве, пачалася сумесная работа.
Цяпер па заказе азербайджанскіх партнёраў вядзецца дапрацоўка новага беларускага камбайна. "Гэта камбайн другога класа. Да канца года правядзём яго выпрабаванні ў Беларусі, а з наступнага плануем пачаць пастаўку ў Азербайджан", - адзначыў першы намеснік дырэктара па рэалізацыі і развіцці - дырэктар цэнтра продажаў і сэрвісу Дзмітрый Афанасьеў. Паводле яго даных, у перспектыве пастаўка на гэты рынак да 50 адзінак у год.
Холдынг "Гомсельмаш" - адзін з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі, які ўваходзіць у лік лідараў сусветнага рынку камбайнаў і іншых складаных сельгасмашын. Прадпрыемства выпускае мадэльныя рады збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў, пачаткаўборачныя і бульбаўборачныя камбайны, касілкі і іншую сельгастэхніку. Камбайны працуюць на палях Расіі, Украіны, Казахстана, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Балгарыі, Аргенціны, Бразіліі, Кітая, Рэспублікі Карэя, краін Балтыі. Кампанія мае шырокую тавараправодную сетку, сумесныя прадпрыемствы і зборачныя вытворчасці.