20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Арабскай Рэспубліцы Егіпет Сяргей Цярэнцьеў сустрэўся з прэзідэнтам Нацыянальнага даследчага цэнтра Егіпта прафесарам Махамедам Хашэмам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускім пасольстве ў Егіпце.
Пасол павіншаваў прафесара з прысваеннем Нацыянальнаму даследчаму цэнтру Егіпта першага месца ў рэйтынгу SCImago як самай эфектыўнай даследчай арганізацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне.
Акрамя таго, на перагаворах былі дасягнуты дамоўленасці аб пашырэнні навукова-даследчага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Егіптам у самых розных галінах. У прыватнасці, па такіх напрамках, як сельская гаспадарка і глебазнаўства, жывёлагадоўля. Размова таксама ішла аб развіцці беларуска-егіпецкага навукова-даследчага ўзаемадзеяння ў сферах генетыкі, харчавання, фізікі, біяарганічнай хіміі, фармацэўтыкі.
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Арабскай Рэспублікай Егіпет былі ўстаноўлены 1 лютага 1992 года. Пасольства Беларусі ў Егіпце адкрылася ў жніўні 1997 года. У 1998, 2017 і лютым 2020 года адбыліся візіты ў Егіпет Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.