13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Татарстан разгледзелі перспектывы пашырэння супрацоўніцтва дзелавых колаў, паведамілі БЕЛТА ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце.
У БелГПП адбылася сустрэча старшыні палаты Міхаіла Мятлікава і яго намесніка Дзяніса Мялешкіна з намеснікам старшыні Гандлёва-прамысловай палаты Татарстана Маратам Ахматавым у рамках візіту дэлегацыі дзелавых колаў рэспублікі ў Мінск.
У ходзе сустрэчы разгледжаны перспектывы пашырэння супрацоўніцтва дзелавых колаў дзвюх краін для развіцця беларуска-расійскіх рэгіянальных гандлёва-эканамічных адносін, асноўныя напрамкі міжпалатаўскага ўзаемадзеяння, у тым ліку магчымасці абмену вопытам па лічбавізацыі паслуг, якія аказваюцца прадпрыемствам, і арганізацыі сумесных мерапрыемстваў у 2023 годзе.
Марат Ахматаў запрасіў кіраўніцтва БелГПП і прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў прыняць удзел у XIV Міжнародным эканамічным форуме "Расія - Ісламскі свет: KazanForum", які пройдзе ў Казані 18-19 мая.