14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гамбург зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю ў лагістычнай сферы, паведамілі БЕЛТА ў Мінтрансе па выніках сустрэчы намесніка міністра транспарту і камунікацый Андрэя Іванова з дэлегацыяй з Германіі на чале са статс-сакратаром Міністэрства эканомікі, транспарту і інавацый Вольнага і Ганзейскага горада Гамбурга Торстэнам Зевеке.
Торстэн Зевеке адзначыў, што порт Гамбурга - трэці па велічыні ў Еўропе, мае развітую чыгуначную інфраструктуру - больш за 40 працэнтаў перавозак грузаў, якія разгружаюцца і загружаюцца ў гамбургскім порце, ажыццяўляюцца чыгункай.
"Важным рэгіёнам, з якім працуе наш порт сёння, з'яўляецца Азія, а менавіта Кітай. У сувязі з гэтым Беларусь адыгрывае цэнтральную ролю ў ажыццяўленні кантынентальных перавозак паміж Еўропай і Кітаем. Гамбург - не толькі вялікі лагістычны хаб, але і важны прамысловы цэнтр, і з гэтага пункту гледжання мы таксама з вялікім інтарэсам разглядаем Беларусь", - сказаў Торстэн Зевеке. Таксама нямецкая дэлегацыя выказала зацікаўленасць ва ўдзеле ў рэалізацыі праекта "Адзін пояс, адзін шлях" і праектах індустрыяльнага парка "Вялікі камень".
Андрэй Іваноў расказаў аб рэалізацыі вялікіх праектаў у транспартнай сферы, у тым ліку па будаўніцтве другой штучнай узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, электрыфікацыі ўчасткаў Гомель - Жлобін - Асіповічы і Жлобін - Калінкавічы, падрыхтоўцы да рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М10 і інш. Намеснік міністра падкрэсліў, што работа па развіцці транспартна-лагістычнай сістэмы праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з калегамі з сумежных краін і з улікам інтэграцыі краіны ў еўра-азіяцкую транспартна-лагістычную сістэму.
У сустрэчы з беларускага боку прымалі ўдзел прадстаўнікі ўпраўленняў аўтамабільнага, чыгуначнага, воднага транспарту і міжнароднага супрацоўніцтва, з нямецкага - прадстаўнікі транспартных кампаній. Бакі абмеркавалі канкрэтныя напрамкі ўзаемадзеяння і выказалі надзею на развіццё супрацоўніцтва ў транспартна-лагістычнай сферы.