22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тавараабарот Беларусі і Кітая за 30 гадоў вырас у 140 разоў. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час афіцыйных перагавораў з прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Цянам у пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нягледзячы на складаныя ўмовы, глабальную турбулентнасць і міжнародную нестабільнасць, адносіны паміж нашымі краінамі развіваюцца па ўзыходзячай траекторыі. Мы падтрымліваем высокую інтэнсіўнасць кантактаў на ўсіх узроўнях. Аказваем адзін аднаму падтрымку па карэнных пытаннях на міжнародных і рэгіянальных пляцоўках. Паслядоўна адстойваем асноўныя прынцыпы міжнароднага права, замацаванага ў Статуце ААН, і рашуча процістаім любым спробам інтэрпрэтаваць іх у адвольным ключы. Наперакор нелегітымным заходнім санкцыям мы штогод дасягаем рэкордных паказчыкаў двухбаковага тавараабароту, які за апошнія 30 гадоў вырас больш як у 140 разоў і ў 2023 годзе дасягнуў рэкордных 55 млрд юаняў", - сказаў Раман Галоўчанка.
У кастрычніку 2023 года на платформе ШАС паміж кіраўнікамі ўрадаў Беларусі і Кітая адбыўся грунтоўны абмен думкамі па шырокім спектры напрамкаў міжнароднага і двухбаковага парадку дня. "Я ўбачыў у вас блізкага па духу чалавека, нацэленага на дасягненне практычных вынікаў. Мяне падкупіла ваша жаданне глыбока ўнікаць як у перспектыўныя, так і ў праблемныя пытанні. Гэта жаданне дэманструе шчыры намер актыўна развіваць усепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем", - адзначыў прэм'ер-міністр.
Мы ўдзячны Кітаю за аказаную тэхніка-эканамічную дапамогу і прадастаўленыя льготныя крэдыты, якія сталі асновай для прамысловай мадэрнізацыі і стварэння новых галін і прадпрыемстваў. Да сённяшняй сустрэчы мы падрыхтавалі вялікі пакет пагадненняў і дамоўленасцей для падпісання. Гэтыя дакументы і запуск некалькіх новых прамысловых праектаў замацоўваюць планы перспектыўнага партнёрства Беларусі і Кітая", - падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.
На перспектыву ў якасці ключавога элемента пабудовы сумеснай будучыні Беларусь бачыць аб'яднанне беларускіх кампетэнцый і кітайскіх тэхналогій. "Лічу, што рэалізацыя комплекснай стратэгіі сумеснага прамысловага развіцця і падрыхтоўка дэталізаваных планаў па спалучэнні прамысловай палітыкі нашых краін напоўняць канкрэтным практычным зместам новы статус адносін дзвюх краін - усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. Дзякую вам за падтрымку прапановы беларускага боку прысвяціць чарговы тэматычны год супрацоўніцтву ў галіне навукі, тэхналогій і інавацый. Прыемна, што па асобных пытаннях, якія абмяркоўваліся ў мінулым годзе, назіраецца прагрэс. Перш за ўсё гэта рэалізацыя за кошт ільготных крэдытаў урада КНР праекта БНБК-3, закупкі медыцынскага абсталявання, нарошчванне чыгуначных перавозак", - рэзюмаваў Раман Галоўчанка.