5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па выніках I квартала МТЗ спрацаваў у плюс, заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Па выніках першага квартала МТЗ ідзе з плюсам. Тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці склаў 108,7 працэнта адносна аналагічнага перыяду мінулага года. Экспарт таксма прырастае. Запасы гатовай прадукцыі змяншаюцца", - сказаў Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, па выніках года ў прадпрыемства запланаваны ўдакладнены прагноз з плюсам практычна па ўсіх паказчыках, як вытворчых, так і фінансавых. "Кіраўніцтва прадпрыемства бачыць пазітыўныя вынікі работы. У ходзе сённяшняй нарады мы ўдакладнім, наколькі апраўданы гэтыя прагнозы, разгледзім, як складваецца выкананне задач па нарошчванні экспарту прадукцыі, асабліва на рынак РФ ва ўмовах адыходу адтуль многіх еўрапейскіх вытворцаў аўтатрактарнай тэхнікі, а таксама як арганізавана работа па пастаўках запасных частак, камплектуючых вырабаў. Акрамя таго, закранём пытанні мадэрнізацыі вытворчасці", - дадаў прэм'ер-міністр.
Генеральны дырэктар ААТ "МТЗ" Віталь Воўк расказаў аб задачах, якія паставіў прэм'ер-міністр перад Мінскім трактарным заводам. "Гэта тэхпераўзбраенне, стварэнне новых высокапрадукцыйных рабочых месцаў, пошук інвестыцый, пошук тэхналагічных рашэнняў. Мы гэтым актыўна будзем займацца, паскорым развіццё напрамкаў, якія ў нас ужо ёсць, а таксама будзем шукаць новыя варыянты. Сёння ўсё гэта для прадпрыемстваў жыццёва неабходна", - сказаў гендырэктар.
Як адзначылі ў прэс-службе, сёння тэмай для абмеркавання ў Рамана Галоўчанкі стала таксама работа другога прамысловага гіганта - БМЗ.