27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае намер нарошчваць пастаўкі ў краіны далёкай дугі. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Павышаная ўвага да тэмы экспарту ў краіны далёкай дугі абумоўлена неабходнасцю ўмацавання нашых пазіцый на рынках дружалюбных краін. Фактычнае закрыццё і абмежаванне паставак на заходнія і ўкраінскі рынкі для нашых тавараў паставіла перад намі задачу па пераарыентацыі экспартных патокаў у аб'ёме не меншым за $16 млрд. Вырашэнне гэтага пытання звязана непасрэдна з забеспячэннем стабільнай работы эканомікі дзяржавы і дабрабыту грамадзян", - сказаў Раман Галоўчанка.
З улікам наяўных дамоўленасцей значную частку выпаўшага экспарту плануецца перанакіраваць на рынкі іншых дзяржаў, у тым ліку стратэгічнага партнёра - Расіі. За студзень - май экспарт у РФ вырас на 17,3 працэнта. "Іншыя важнейшыя напрамкі экспарту - гэта краіны далёкай дугі, якія ў большасці сваёй застаюцца дружалюбнымі для Беларусі. У першую чаргу гэта Кітай, Індыя, В'етнам, Інданезія, ды і ў цэлым рэгіён Азіі і Блізкага Усходу", - адзначыў прэм'ер-міністр.
"Аб'ёмы беларускага экспарту ў краіны далёкай дугі па выніках 5 месяцаў пакуль даволі сціплыя. Мы сёння павінны грунтоўна і прадметна разгледзець бягучую сітуацыю, вынікі работы МЗС, галін і загранустаноў на гэтым напрамку", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.
Ён звярнуў увагу на тое, што ўсе задачы ўжо вызначаны. Прыняты комплексная стратэгія супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі, планы ўзаемадзеяння пасольстваў і галін, падпісаны пастановы Савета Міністраў аб паказчыках па экспарце тавараў і аб істотным спрашчэнні падыходаў да крэдытавання экспарту. "Меры фінансавай падтрымкі экспарцёраў прыняты, задачы пастаўлены, трэба іх выконваць", - падкрэсліў кіраўнік урада.
"Паглыбленне супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі з'яўляецца важнейшым прыярытэтам у рабоце кіраўнікоў на ўсіх узроўнях і галінах. Патрабаванне будзе самым жорсткім", - рэзюмаваў Раман Галоўчанка.