10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь адышла ад першапачатковага "санкцыйнага шоку" і мае намер прыбаўляць у эканоміцы. Аб гэтым заявіў журналістам кіраўнік урада Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ён заўважыў, што санкцыі, уведзеныя супраць нашай краіны, існуюць, але больш не ўспрымаюцца як галоўная перашкода ў развіцці.
"Усё, што неабходна было, мы зрабілі. Усё, што можна было, - лагістыку, разлікі, патокі - мы перабудавалі. Як мы і абяцалі, з красавіка мы фактычна выйшлі на той узровень, які быў у мінулым годзе, і будзем прыбаўляць далей ад месяца да месяца. Мы ўжо не адчуваем ніякага шоку. Раней было шмат незразумелых рэчаў. Але цяпер, я лічу, што гэту старонку мы ўжо закрылі", - сказаў ён.
Прэм'ер-міністр адзначыў, што па-ранейшаму Беларусь спрабуюць палохаць узмацненнем санкцый. Але ў гэтай сітуацыі ёсць упэўненасць і наладжаныя кантакты з краінамі СНД. "Для невялікай Беларусі гэтага дастаткова для таго, каб выбудоўваць раўнапраўныя ўзаемавыгадныя эканамічныя адносіны", - канстатаваў Раман Галоўчанка.
"Гэта значыць эканамічная перамога будзе за намі?" - спыталі журналісты.
"Я ўпэўнены ў гэтым", - адказаў Раман Галоўчанка.