1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Ніжагародская вобласць маюць усе ўмовы для развіцця далейшага супрацоўніцтва. Аб гэтым сказаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на сустрэчы з губернатарам Ніжагародскай вобласці Глебам Нікіціным, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў Раман Галоўчанка, у бакоў няма пытанняў, якія маюць праблемны або спрэчны характар. "Гэта характарызуе ступень уключанасці і бізнесу, і прадпрыемстваў, і ўрадаў Беларусі і Ніжагародскай вобласці ў тыя задачы, якія планава вырашаюцца ў рамках дакументаў, падпісаных паміж намі", - акцэнтаваў ён увагу.
Гэта ж сітуацыя адлюстроўваецца і ў лічбах. "Толькі прамыя пастаўкі складаюць больш за $700 млн. Паказальна, што экспарт і імпарт маюць прыкладна роўныя долі. Адпаведна знешні гандаль збалансаваны. Ён грунтуецца ў асноўным на інвестыцыйных і прамежкавых таварах. Гэта таксама характарызуе якасныя паказчыкі нашага ўзаемнага гандлю", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.
Паводле яго слоў, супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ніжагародскай вобласцю развіваецца арганічна. "У нас падобная прамысловая структура, падобныя макраэканамічныя паказчыкі (у пераліку на колькасць насельніцтва). Гэта ўсё стварае вельмі добрыя ўмовы для таго, каб развівацца і далей", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.