13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фізічны і энергетычны пуск першага энергаблока, інтэграцыя Беларускай АЭС у энергасістэму краіны запланаваны на 2020 год. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас стаіць задача ў гэтым годзе забяспечыць завоз ядзернага паліва, ажыццявіць фізічны пуск, энергетычны пуск першага энергаблока, гэта значыць выдачу першых кілават-гадзін у энергасістэму, - сказаў Віктар Каранкевіч. - 2020 год - падагульняючы год пяцігодкі, на працягу якога неабходна завяршыць ключавыя мерапрыемствы. Да іх адносіцца рэалізацыя мерапрыемстваў па інтэграцыі Беларускай АЭС у энергасістэму і эканоміку краіны".
Паводле яго слоў, першы энергаблок БелАЭС мае высокую ступень гатоўнасці. "Практычна ўсе будаўніча-мантажныя работы скончаны, завяршаюцца аддзелачныя работы. У адносінах да асноўнага тэхналагічнага абсталявання цяпер праходзіць этап гарачай абкаткі, які дае магчымасць забяспечыць работу энергаблока на імітатарах ядзернага паліва. Неабходна прааналізаваць работу ўсяго першага энергаблока ў тэхналагічным ланцужку, паглядзець, ці дасягаюцца ўсе нармальныя параметры работы абсталявання", - адзначыў міністр.
Ён падкрэсліў, што будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі - важны праект не толькі для дыверсіфікацыі паліўна-энергетычных рэсурсаў (гэта значыць для энергетычнай галіны), але і ўсёй эканомікі. "Гэта своеасаблівы стымул для развіцця новых вытворчасцей, у тым ліку энергаёмістых", - звярнуў увагу Віктар Каранкевіч.
У 2019 годзе быў рэалізаваны праект па ўстаноўцы электракатла магутнасцю 10 МВт у новай кацельні ў Касцюковічах. "Гэта першы праект з ліку мерапрыемстваў па інтэграцыі Беларускай АЭС у энергасістэму. Усяго неабходна рэалізаваць такія праекты на 19 аб'ектах на агульную ўстаноўленую магутнасць 836 МВт. Усе яны рэалізуюцца ў адпаведнасці з графікам і павінны быць уведзены ў эксплуатацыю ў 2020 годзе", - дадаў міністр.
Што датычыцца будаўніцтва пікава-рэзервовых энергакрыніц, яны будуць устаноўлены на чатырох аб'ектах у энергасістэме. Практычна завершаны работы па выбары асноўнага абсталявання, на завяршальнай стадыі знаходзіцца падрыхтоўка праектнай дакументацыі для правядзення работ. Увод гэтых аб'ектаў запланаваны ў 2021 годзе.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць).