19 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларуска-кітайскі форум "Беларусь турыстычная" паспяхова прайшоў у горадзе Нанкін (сталіца правінцыі Цзянсу), расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Генеральным консульстве Беларусі ў Шанхаі.
Мерапрыемства праводзілася з мэтай нарошчвання экспарту беларускіх турыстычных паслуг на рынак Кітая, прэзентацыі турыстычнага патэнцыялу Беларусі. Форум быў арганізаваны Генконсульствам сумесна з Цзянсускай кампаніяй па замежным супрацоўніцтве.
У час форуму турыстычная кампанія Sainty Overseas Travel з Цзянсу і беларуская туркампанія "ЦэнтрКурорт" падпісалі пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве.
Перад кіраўнікамі буйных турыстычных кампаній Цзянсу выступілі генеральны консул Беларусі ў Шанхаі Валерый Мацэль, прэзідэнт Цзянсускай кампаніі па замежным супрацоўніцтве Хун Хунлян, консул Генеральнага консульства Дзмітрый Казлоўскі, кіраўнікі ўпраўлення турызму правінцыі і прадстаўніцтва вядучага беларускага тураператара "ЦэнтрКурорт" у Кітаі.
Валерый Мацэль у інтэрв'ю тэлеканалу JSTV і мясцовай эканамічнай газеце расказаў аб развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і правінцыяй Цзянсу, аб маючым адбыцца візіце ў нашу краіну губернатара правінцыі Цзянсу У Чжэнлуна.