31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Агенцтва Fitch Ratings пацвердзіла доўгатэрміновы суверэнны крэдытны рэйтынг Беларусі на ўзроўні "B-" з прагнозам "пазітыўны", паведамляе БЕЛТА.
Агенцтва Fitch Ratings перагледзела прагноз доўгатэрміновых рэйтынгаў дэфолту эмітэнта (РДЭ) у замежнай і нацыянальнай валюце са стабільнага да пазітыўнага і пацвердзіла РДЭ на ўзроўні "B-". Кароткатэрміновыя рэйтынгі ў замежнай і нацыянальнай валюце пацверджаны на ўзроўні "B", а краінавы паталок - на ўзроўні "B-".
Рэйтынг, які быў прысвоены ў канцы чэрвеня беларускім еўрааблігацыям, застаецца на ўзроўні "B-".
Сярод пазітыўных фактараў агенцтва назвала паляпшэнне доступу Беларусі да знешняга фінансавання і павелічэнне міжнародных рэзерваў. Напрыклад, золатавалютныя рэзервы выраслі на $1,6 млрд з пачатку года да $6,5 млрд за кошт размяшчэння еўрабондаў, атрымання чарговага траншу крэдыту ЕФСР і куплі валюты ў рэзідэнтаў. Акрамя таго, Fitch адзначае дадатны ўплыў на эканоміку дасягнення дамоўленасці з Расіяй па цэнах на газ.
Fitch Ratings Inc. - амерыканская карпарацыя, якая нараўне з Standard & Poor's і Moody's уваходзіць у "вялікую тройку" міжнародных рэйтынгавых агенцтваў.