10 верасня, Турын /Наталля Злотнік - БЕЛТА/. Канцэрн Fiat Chrysler Automobiles плануе стварыць у Беларусі дзве зборачныя вытворчасці. Аб гэтым сёння ішла размова на сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова з кіраўніцтвам кампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час сустрэчы на вытворчай пляцоўцы прадпрыемства Maserati ў Турыне абмяркоўваліся перспектывы работы канцэрна Fiat Chrysler Automobiles, Андрэй Кабякоў таксама наведаў вытворчасць аўтамабіляў. У час гутаркі з кіраўніцтвам канцэрна, прэм'ер-міністр адзначыў, што Беларусь гатова арганізаваць візіт дэлегацыі прадпрыемства ў Мінск для далейшага развіцця супрацоўніцтва.
Як растлумачыў журналістам член наглядальнага савета СП ЗАТ "Юнісан" Аляксей Ваганаў, бакі папярэдне дамовіліся аб рэалізацыі двух праектаў па зборцы легкавых і камерцыйных аўтамабіляў. "Размова ішла аб камерцыйных аўтамабілях Iveko, Fiat, легкавых аўтамабілях. Нашы магчымасці супадаюць з жаданнем і перспектывамі Fiat Chrysler Automobiles на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза. Наш першы крок - стварэнне буйнавузлавой зборкі ў 2016 годзе, у 2017-2018 гадах плануецца дасягнуць пэўнай лакалізацыі - 30-50 працэнтаў", - адзначыў ён.
У праектах з Fiat Chrysler Automobiles прадугледжваецца задзейнічаць пляцоўкі СП ЗАТ "Юнісан" (плануецца вырабляць 20 тыс. аўтамабіляў у год) і "Белаўтамаз". Паводле слоў Аляксея Ваганава, сума інвестыцый пакуль не агучваецца, абмяркоўваліся мадэлі і тэхнічная падтрымка.
Акрамя таго, на сустрэчы з кіраўніцтвам канцэрна ішла размова аб стварэнні рабочай групы па распрацоўцы мемарандума аб супрацоўніцтве Беларусі і Fiat Chrysler Automobiles.
Канцэрн Fiat Chrysler Automobiles - буйная аўтамабілебудаўнічая кампанія, заснаваная пасля зліцця канцэрна FIAT з амерыканскім Chrysler. Кампанія з'яўляецца сёмым па велічыні ў свеце аўтавытворцам. Штаб-кватэра кампаніі знаходзіцца ў Нідэрландах, фінансавы цэнтр - у Вялікабрытаніі.
Fiat Chrysler Automobiles працуе праз дзве асноўныя даччыныя кампаніі - FCA Italy (раней Fiat Group Automobiles) і FCA US (раней Chrysler LLC). Канцэрн працуе з многімі вядомымі аўтамабільнымі маркамі, у тым ліку Alfa Romeo, Chrysler, Dodge, Fiat, Fiat Professional, Jeep, Lancia, Ram Trucks, Abarth, Mopar, SRT, а таксама Ferrari і Maserati і інш.
У 2014 годзе выручка Fiat Chrysler Automobiles склала 96,1 млрд еўра, чысты прыбытак - 630 млн еўра. Супрацоўнікамі кампаніі з'яўляюцца больш як 225,5 тыс. чалавек. У планах канцэрна - выйсці на вытворчасць 7 млн аўтамабіляў у год.