16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фармацэўтычная галіна Беларусі прэзентавана на міжнародным бізнес-форуме "Беларусь - Таджыкістан - Афганістан". Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства аховы здароўя са спасылкай на начальніка аддзела знешніх сувязей міністэрства Анатоля Грушкоўскага, паведамляе БЕЛТА.
У час візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі дэлегацыя Міністэрства аховы здароўя на чале з міністрам аховы здароўя Валерыем Малашкам знаходзіцца ў Душанбэ. Тут праходзяць вялікія мерапрыемствы, прысвечаныя Беларусі. Сярод іх другі міжнародны бізнес-форум "Беларусь - Таджыкістан - Афганістан", у ходзе якога генеральны дырэктар кіруючай кампаніі холдынга "Белфармпрам" Валерый Шаўчук выступіў з прэзентацыяй фармацэўтычнай галіны Беларусі. Прайшлі перагаворы з буйнейшымі таджыкскімі і афганскімі фармацэўтычнымі кампаніямі.
Раней Валерый Малашка і міністр аховы здароўя і сацыяльнай абароны насельніцтва Таджыкістана Насім Хаджа Алімзада на сустрэчы абмеркавалі такія пытанні, як абмен вопытам у галіне аховы здароўя, лячэнне таджыкскіх грамадзян у вядучых РНПЦ Беларусі, навучанне студэнтаў у беларускіх ВНУ, пастаўкі лякарстваў на таджыкскі рынак.
У час візіту зроблены рэальныя крокі для паглыблення супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Так, падпісаны пагадненні паміж Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і Міністэрствам аховы здароўя і сацыяльнай абароны насельніцтва Таджыкістана, Беларускім дзяржаўным медуніверсітэтам і Таджыкскім дзяржаўным медуніверсітэтам.
У сталіцы Таджыкістана Душанбэ 15 мая афіцыйна адкрылася Нацыянальная выстаўка Беларусі, на якой прадстаўлены вядучыя фармацэўтычныя арганізацыі, вытворцы медыцынскага абсталявання і ўстановы аховы здароўя.