11 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган выступае за больш актыўны прыход турэцкіх бізнесменаў на беларускі рынак. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам у пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Турэцкі лідар падкрэсліў, што ён задаволены вынікамі візіту ў Мінск і лічыць эфектыўнымі дасягнутыя дамоўленасці. З самага першага моманту знаходжання на беларускай зямлі турэцкая дэлегацыя адчувала гасціннасць прымаючага боку.
Рэджэп Таіп Эрдаган лічыць, што яго прыезд у Мінск сімвалізуе ўзаемную зацікаўленасць бакоў у далейшым пашырэнні кантактаў напярэдадні 25-годдзя беларуска-турэцкіх дыпламатычных адносін, якое будзе адзначацца ў 2017 годзе.
"Мы спадзяёмся на выхад нашых адносін на яшчэ больш высокі ўзровень", - сказаў Прэзідэнт Турцыі.
Асаблівае значэнне для беларуска-турэцкіх адносін мае адкрыццё Саборнай мячэці ў Мінску. Важным таксама з'яўляецца падпісанне цэлага пакета двухбаковых дакументаў па розных напрамках. Падпісанне дакументаў накіравана на тое, каб пашырылася і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. У прыватнасці, у час праведзеных у Мінску перагавораў размова ішла аб дасягненні двухбаковага беларуска-турэцкага тавараабароту ў памеры $1 млрд.
"Турцыя - тая краіна, якая ўклала вялікую колькасць капіталу ў Беларусь і гатова ў далейшым стымуляваць прыход турэцкіх бізнесменаў на беларускі рынак, пашыраць інвестыцыйныя кантакты", - адзначыў Рэджэп Таіп Эрдаган. Турэцкі бок зацікаўлены ў тым, каб стымуляваць інвестыцыйнае ўзаемадзеянне, якое дзякуючы падтрымцы на вышэйшым узроўні павінна развівацца яшчэ больш паскоранымі тэмпамі.