23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў на прэс-канферэнцыі назваў важнейшыя напрамкі работы беларускіх вучоных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Некалькі дзён таму, калі СЗАТ "БЕЛДЖЫ" наведваў кіраўнік дзяржавы, Акадэмія навук прадставіла сваю найноўшую распрацоўку - легкавы электрамабіль з максімальнай ступенню лакалізацыі па асноўных кампанентах. Намі створаны цэнтр кампетэнцый, і гэтыя кампетэнцыі рэалізаваны ў краіне фактычна з нуля. Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу да 1 студзеня 2025 года выйсці на серыйную вытворчасць электрамабіляў. Мы цяпер разгарнулі работу па выкананні гэтага даручэння", - сказаў Уладзімір Гусакоў.
Паводле яго слоў, у НАН ужо распрацавана лінейка электрамабіляў розных тыпаў на ўласнай кампанентнай базе. Гэта легкавыя электрамабілі, каркасна-панэльныя, электрагрузавікі і спецыяльная тэхніка на электрычнай цязе.
Актуальна і развіццё касмічнага напрамку. НАН Беларусі і Кітайская нацыянальная касмічная адміністрацыя падпісалі сумесную дэкларацыю аб супрацоўніцтве па Міжнароднай навуковай месячнай станцыі. "Мы ўключыліся ў месячную праграму. Прыемна, што Кітай прапанаваў гэта супрацоўніцтва менавіта нашай краіне. Цяпер шэраг інстытутаў працуе па гэтай тэме з кітайскімі партнёрамі", - адзначыў ён.
У галіне медыцыны і фармакалогіі на аснове найноўшых біятэхналогій акадэмічнымі вучонымі створаны прататыпы дзвюх айчынных вакцын супраць грыпу. Распрацаваны і ўкаранёны ў практыку новыя тэхналагічныя працэсы для высокадакладнага сінтэзу ДНК, у прыватнасці атрыманы эксперыментальныя ўзоры генатэрапеўтычных сродкаў для лячэння ішэміі ніжніх канечнасцей. Сумесна з беларускімі анколагамі створаны канструкцыі хімерных антыгенных рэцэптараў з малекул РНК, якія вучаць імунныя клеткі пацыента змагацца з ракавымі пухлінамі.
Для ўдасканалення дзейнасці па планаванні, распрацоўцы і рэалізацыі стратэгічных праектаў, укараненні ў вытворчасць вынікаў навуковай дзейнасці пры Прэзідэнце Беларусі створаны Савет па стратэгічных праектах. Забеспячэнне дзейнасці савета ўскладзена на Нацыянальную акадэмію навук. Узначаліў яго старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў. "Намі сфарміраваны рэестр перспектыўных праектаў. Ён уключае цяпер 81 праектную прапанову. У прыватнасці, разгледжана пытанне стварэння ў краіне сеткі рухомай электрасувязі стандарту IMT-2020 (5G)", - дадаў ён.