24 чэрвеня, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Экспертны цэнтр НАН Беларусі і РАН будзе створаны да канца 2015 года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сёння ў час прамой лініі старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.
"У час сумеснага пасяджэння Прэзідыумаў РАН і НАН Беларусі мы прынялі рашэнне аб стварэнні Экспертнага цэнтра дзвюх акадэмій да канца 2015 года. У снежні ў Санкт-Пецярбургу ў нас пройдзе другое пасяджэнне Прэзідыумаў, дзе мы канчаткова зацвердзім усе нашы дамоўленасці", - падкрэсліў ён.
Уладзімір Гусакоў растлумачыў, што цэнтр ствараецца для правядзення экспертыз навуковых праектаў. "Тэматыка навуковых даследаванняў і ў Расіі, і ў нас павінна праходзіць вельмі грунтоўную і кваліфікаваную экспертызу. Вучоны не можа проста падаць заяўку і атрымаць грошы пад праект. Калі цэнтр будзе створаны, расійскія вучоныя змогуць праводзіць экспертызу нашых праектаў, а мы - іх", - адзначыў ён. У склад Экспертнага цэнтра ўвойдуць па 15 вучоных ад кожнай акадэміі.
Паводле слоў Уладзіміра Гусакова, цяпер у Беларусі фарміруюцца новыя праграмы на наступную пяцігодку. "І мы маглі б адпраўляць іх на экспертызу расійскім калегам. У цэлым, цэнтр ствараецца для павышэння аб'ектыўнасці і мэтазгоднасці навуковых праграм і праектаў", - канстатаваў старшыня Прэзідыума НАН.
Сумеснае пасяджэнне Прэзідыумаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі навук адбылося ў Маскве 16 чэрвеня 2015 года. У час яго вучоныя Беларусі і Расіі падрыхтавалі план сумеснай работы на 2016-2020 гады. Былі абмеркаваны стан і перспектывы развіцця беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне нана-, біятэхналогій і даследаванні касмічнай прасторы. Асобнай тэмай сталі задачы НАН Беларусі ва ўдасканаленні навуковай сферы і ў развіцці інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі.