14 верасня, Вена /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Экспазіцыя Беларускай АЭС упершыню афіцыйна адкрылася ў штаб-кватэры МАГАТЭ ў Вене ў ходзе 59-й Генеральнай канферэнцыі агенцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка беларускай дэлегацыі - намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка, прадастаўленне пляцоўкі пад нацыянальную экспазіцыю - важны знак з боку кіраўніцтва МАГАТЭ. "У агенцтве склалася добрае ўражанне не толькі аб працэсе будаўніцтва, але і стварэнні інфраструктуры, падыходзе нашай краіны да ядзернай энергетычнай праграмы ў цэлым", - адзначыў ён.
Паводле слоў намесніка міністра, добрым арыенцірам для Беларусі быў і застаецца дакумент МАГАТЭ для краін, якія ўступілі на шлях стварэння ядзерных энергетычных праграм, - "Вехі". На адным са стэндаў беларускай экспазіцыі прадстаўлены падрабязны графік з прывязкай да гэтага дакумента.
Міхаіл Міхадзюк адзначыў, што сёння рэалізацыя ядзернай энергетычнай праграмы знаходзіцца на трэцім этапе - вядзецца будаўніцтва электрастанцыі. "Мы сёння вядзём работы практычна на ўсіх аб'ектах па абодвух блоках. Па першым энергаблоку мы ў гэтым годзе павінны выйсці на ядзерным востраве на адзнаку плюс 44 м, па другім - плюс 22 м. Мы пачалі ўжо мантаж на першым энергаблоку кандэнсатара паравых турбін. І ў першай палавіне наступнага года пачнём мантаж ядзернага рэактара", - сказаў Міхаіл Міхадзюк.
Ён дадаў, што пры выкананні будаўніча-мантажных работ адзначаецца высокі ўзровень лакалізацыі. Сіламі беларускіх спецыялістаў выканана 83 працэнты работ. "Паводле ацэнкі расійскіх калег, міжнародных арганізацый, праект рэалізуецца паспяхова", - дадаў намеснік міністра.
У цэлым беларуская экспазіцыя дае магчымасць азнаёміцца не толькі з аб'ёмам ужо выкананых работ на пляцоўцы ў Астраўцы, але і расказвае таксама пра планы на 2016 год, інфармуе аб развіцці вытворчай і сацыяльнай інфраструктуры. Нягледзячы на тое, што афіцыйнае адкрыццё экспазіцыі адбылося ў штаб-кватэры МАГАТЭ толькі ў другой палавіне дня, беларускі стэнд быў адкрыты для наведвання з раніцы і выклікаў немалую цікавасць сярод дэлегатаў Генеральнай канферэнцыі. Улічваючы тое, што многія краіны ў свеце таксама заявілі аб сваім намеры рухацца па шляху развіцця ядзернай энергетыкі, беларускі вопыт можа быць шырока запатрабаваны.
Усяго ў штаб-кватэры МАГАТЭ адкрыліся каля 20 нацыянальных экспазіцый. У гэтым плане Беларусь аказалася сярод такіх краін, як Расія, ЗША, Францыя, Германія, Японія, Кітай, Індыя, Канада, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
Раніцай 14 верасня дэлегацыя Беларусі на чале з Міхаілам Міхадзюком прыняла ўдзел у адкрыцці 59-й Генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ.