5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспарт Парка высокіх тэхналогій у 2020 годзе перавысіў $2,5 млрд і забяспечыў больш за 20 працэнтаў усяго экспарту паслуг Беларусі, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сёння на міжнародным форуме Digital Almaty Forum 2021, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У Беларусі даволі даўно функцыянуе буйнейшы IT-кластар ва Усходняй Еўропе - Парк высокіх тэхналогій. У 2020 годзе яго экспарт перавысіў $2,5 млрд - гэта больш за 20 працэнтаў усяго экспарту паслуг Беларусі", - сказаў Раман Галоўчанка.
На думку прэм'ер-міністра, у Беларусі створаны дастатковы інфраструктурны зачын для лічбавай трансфармацыі. Колькасць карыстальнікаў бесправаднога шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт перавысіла 95 адзінак на 100 жыхароў краіны. Валаконна-аптычныя лініі сувязі праведзены да ўсіх населеных пунктаў з колькасцю дамашніх гаспадарак ад 100 і больш. "Па аснашчанасці оптавалакном будынкаў мы займаем лідзіруючую пазіцыю ў Еўропе", - заявіў ён.
Паслугамі сотавай сувязі чацвёртага пакалення (4G) у Беларусі ахоплена тэрыторыя, на якой пражывае амаль 90 працэнтаў насельніцтва краіны.
"Вынік гэтай работы - 32-е месца ў рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі па развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. І гэта лепшы паказчык сярод краін СНД", - рэзюмаваў Раман Галоўчанка.
Кіраўнік беларускага ўрада лічыць, што працэс інтэграцыі лічбавых тэхналогій ва ўсе аспекты дзейнасці сёння выступае ключавой умовай прагрэсу. "Новыя тэхналогіі мяняюць структуру сусветнай эканомікі. Гэта, з аднаго боку, патрабуе ўнясення карэнных змяненняў у тэхналогіі, культуру і прынцыпы стварэння новых паслуг. З іншага боку, пашырае акно магчымасцей па выхадзе на новыя рубяжы. Для Беларусі прыярытэтнасць лічбавай трансфармацыі вызначана і на ўнутраным, і на знешнім контурах дзяржаўнай палітыкі", - адзначыў ён.