3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспарт будаўнічых паслуг у 2022 годзе дасягнуў $440 млн, і гэта рэкордны паказчык для Беларусі з 2016 года. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Руслан Пархамовіч адзначыў, што 2022 год быў няпросты для ўсіх галін, у тым ліку і для будаўнічай. Таму запланаваныя паказчыкі так і не былі дасягнуты.
"Так, сапраўды, абсалютна справядлівая крытыка ў адрас будаўнічага комплексу ў тым, што аб'ёмы падрадных работ не дасягнулі ні мінулагодняга паказчыка, ні пастаўленай задачы. На канец 2022 года мы спрацавалі на ўзроўні 88,6-88,7 працэнта да ўзроўню мінулага года. Гэтага відавочна недастаткова", - падкрэсліў міністр.
Ён растлумачыў, што аб'ём будаўніча-мантажных работ у краіне знізіўся з-за спаду ўзроўню інвестыцый. "Іх тэмп яшчэ меншы - 81 працэнт", - заўважыў Руслан Пархамовіч.
Каб загрузіць беларускія падрадныя арганізацыі, галіна была арыентавана на экспарт будаўнічых паслуг. "Менавіта таму тэмп росту аб'ёму падрадных работ за мінулы год вырас на 170 працэнтаў. У тым ліку па жыллёвым будаўніцтве - на 150 працэнтаў. Аб'ём экспарту за мяжу дасягнуў $440 млн і з'яўляецца максімальным з 2016 года - менавіта тады Беларусь рэалізоўвала вялікія замежныя праекты па будаўніцтве прамысловых аб'ектаў (размова, у прыватнасці, аб узвядзенні Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната ў Туркменістане. - Заўвага БЕЛТА). Сёння ў нас больш разнастайны асартымент аб'ектаў. Але мы працуем для таго, каб загрузіць будаўнічыя прадпрыемствы або ўнутры краіны, або за межамі. Асноўная мэта - мы павінны своечасова атрымліваць дастойную зарплату", - заявіў міністр.