6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання ў першым квартале 2020 года вырас на 9,8 працэнта, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
"За студзень-сакавік 2020 года экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання вырас на 9,8 працэнта, за мяжу пастаўлена тавараў на суму больш як $1,4 млрд. Прырост выручкі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў $125,1 млн. Экспарт мяса і мясапрадуктаў вырас на 10,9 працэнта і склаў $239,7 млн, малака і малакапрадуктаў - на 14,8 працэнта ($614,7 млн), бульбы - на 13,3 працэнта ($15,2 млн)", - расказалі ў прэс-службе.
Павелічэнне паставак назіралася практычна па ўсіх рэгіёнах. Экспарт у Расію павялічыўся на 4,4 працэнта, у краіны СНД без уліку Расіі - на 24,7 працэнта, краіны Азіі і Акіяніі - у 2,2 раза, Амерыкі і Карыбскага басейна - на 52,4 працэнта, ЕС - на 54,3 працэнта. "Кітайскі напрамак паказаў рост у 2,4 раза. У цэлым пастаўкі ў краіны далёкага замежжа ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года павялічыліся на 41,5 працэнта", - адзначылі ў ведамстве.
Беларускія прадукты харчавання ў студзені-сакавіку 2020 года пастаўляліся ў 83 краіны свету (за той жа перыяд 2019-га - у 72 краіны).