17 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі 16 сакавіка прыняў рашэнне абнуліць стаўку ўвазной мытнай пошліны адзінага мытнага тарыфу Еўразійскага эканамічнага саюза на асобныя віды маторных транспартных сродкаў з электрычнымі рухавікамі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЕЭК.
Нулявая стаўка будзе дзейнічаць па 31 снежня 2021 года ўключна і прымяняцца пры імпарце электрамабіляў у ЕАЭС як юрыдычнымі, так і фізічнымі асобамі. "Раней мытныя пошліны на электрамабілі ў ЕАЭС ужо абнулялі, - нагадалі ў ЕЭК. - Такая мера дзейнічала з 15 верасня 2016 года па 31 жніўня 2017-га ўключна. Аднак яе дзеянне на працягу менш як года не дазволіла дасягнуць запланаваных вынікаў. Да таго ж такі рэжым не распаўсюджваўся на фізічных асоб. Яны выплачвалі пошліну ў памеры 48-54 працэнты ад мытнага кошту, што з'яўлялася бар'ерам для куплі электрамабіляў".
Пры гэтым цікавасць да электрамабіляў ёсць ва ўсіх краінах ЕАЭС. Паводле даных Дэпартамента ЕЭК, у студзені-кастрычніку 2019 года іх імпарт у краіны ЕАЭС склаў 292 электрамабілі на агульную суму $14,86 млн. Доля імпарту Арменіі склала 0,7 працэнта, Беларусі - 30,8 працэнта, Казахстана - 7,2 працэнта, Расіі - 61,3 працэнта. У асноўным электрамабілі завозяцца з ЗША, Кітая, Аўстрыі, Германіі.
"Уласнай серыйнай вытворчасці электрамабіляў у ЕАЭС няма, але прамысловы патэнцыял існуе практычна ва ўсіх краінах, - канстатавалі ў ЕЭК. - У Беларусі гэта СП ЗАТ "Юнісан" і СЗАТ "БЕЛДЖЫ". З улікам мяркуемай меры мытна-тарыфнага рэгулявання да канца 2022 года аб'ём вырабляемых у Беларусі электрамабіляў плануецца павялічыць да 30 тыс. т на год. Таксама ў краіне зацверджана праграма стварэння дзяржаўнай зараднай сеткі для зарадкі электрамабіляў. За 2019 год колькасць зарадных станцый ВА "Беларуснафта" павялічылася да 125 адзінак. Да 2021 года плануецца нарасціць іх колькасць да 500. Запланавана будаўніцтва суперхуткіх электразарадных комплексаў, якія даюць магчымасць скараціць час зарадкі электрамабіляў да 10-20 хвілін".
Адзінкавая вытворчасць маторных транспартных сродкаў з электрычнымі рухавікамі ажыццяўляецца таксама ў Казахстане. У Кыргызстане ідзе работа па рэалізацыі канцэпцыі зялёнай эканомікі. У Расіі ў 2020 годзе запланавана да рэалізацыі праграма "30/30", якая прадугледжвае запуск праектаў "Энергія горада", "Энергія магістралей" і "Энергія гарадскога транспарту". Намечана стварыць сеткі з больш як 440 хуткіх зарадных станцый і 330 павольных, якія ахопліваюць 30 вялікіх гарадоў і 30 асноўных аўтатранспартных магістралей.
"Такім чынам, з улікам мер і мерапрыемстваў, прынятых і праводзімых у ЕАЭС, зніжэнне стаўкі ўвазной мытнай пошліны адносна электрамабіляў будзе садзейнічаць фарміраванню ў краінах "пяцёркі" рынку электрамабіляў, развіццю іх вытворчасці і зараднай інфраструктуры", - рэзюмавалі ў ЕЭК.