13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця разлічвае па выніках 2017 года інвесціраваць каля 200 млн еўра ў эканоміку Беларусі, паведаміў сёння журналістам прэзідэнт ЕБРР Сума Чакрабарці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт банка нагадаў, што супрацоўніцтва Беларусі і ЕБРР налічвае каля 25 гадоў, за гэты час банк уклаў у эканоміку краіны каля 2 млрд еўра. "У гэтым годзе мы спадзяёмся выйсці на суму каля 200 млн еўра інвестыцый", - растлумачыў Сума Чакрабарці. Ён удакладніў, што гэта крыху не дацягвае да рэкорднага значэння ў 250 млн еўра. "Але ў той жа час ёсць патэнцыяльныя праекты, якія могуць даць магчымасць нам нават перакрыць рэкордныя значэнні ў гэтым годзе", - адзначыў прэзідэнт ЕБРР.
Сума Чакрабарці нагадаў, што ў верасні мінулага года была прынята новая краінавая стратэгія. "Яна дае магчымасць нам больш шырока ўзаемадзейнічаць па шэрагу напрамкаў з рознымі сектарамі ў Беларусі. Спектр патэнцыяльных праектаў цяпер крыху шырэйшы, чым калісьці ў гісторыі ЕБРР. Гэта звязана з шэрагам фактараў, уключаючы паляпшэнні макраэканамічных умоў - у краіне ўпершыню за некалькі гадоў адзначаецца макраэканамічны рост. Таксама спрыяльна на эканамічную абстаноўку ўплывае вырашэнне шэрага пытанняў з Расіяй", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт ЕБРР таксама звярнуў увагу, што паляпшэнне сітуацыі звязана ў тым ліку з намаганнямі ўрада па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату ў краіне. "Тут мы бачым больш шырокі спектр магчымасцей для нашага ўзаемадзеяння з урадам Беларусі, у прыватнасці, праз тое, што мы плануем удыхнуць новае жыццё ў дзейнасць кансультатыўных саветаў па інвестыцыях і прадпрымальніцтве. Такія органы могуць быць вельмі карыснымі праваднікамі перадавых ідэй і рэкамендацый ураду, прадстаўляючы інтарэсы прыватнага сектара, выслухоўваючы экспертнае меркаванне міжнародных фінансавых інстытутаў", - заявіў ён.
Сума Чакрабарці
нагадаў, што ЕБРР сёння падпісаў тры мемарандумы з Беларуссю. Першы - дакумент аб выдзяленні Еўрасаюзам 6 млн еўра для падтрымкі МСП, другі накіраваны на пашырэнне крэдытавання ў мясцовай валюце, трэці дакумент - мемарандум аб узаемаразуменні паміж урадам Беларусі і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця па ўдасканаленні сістэмы кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі.