10 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. 8-ы Дзень нямецкай эканомікі, які пройдзе ў Беларусі 12 лістапада, будзе прысвечаны тэме "Германія і Беларусь - актуальны стан і перспектывы эканамічнага супрацоўніцтва". Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік пасла ФРГ у Беларусі Хольгер Рапіёр, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мерапрыемства праводзяць Нямецка-беларускі эканамічны клуб і Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі пад патранатам пасла ФРГ Петэра Дэтмара.
На буйным двухбаковым эканамічным форуме ў Беларусі прадстаўнікі бізнесу і палітычнай сферы абмяркуюць прагнозы эканамічнага развіцця Беларусі, а таксама перспектыўныя галіны і бізнес-мадэлі для германа-беларускага і мультынацыянальнага партнёрства. На прыкладах сумесных праектаў паміж нямецкімі і беларускімі фірмамі будуць разгледжаны магчымасці і праблемы кааперацыі. Асаблівую ўвагу ўдзеляць патэнцыялу супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі, транспарту і лагістыкі.
8-ы Дзень нямецкай эканомікі пачнецца пленарным пасяджэннем, пасля заканчэння якога адбудзецца подыумная дыскусія. Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрошаны прадстаўнікі дзелавых колаў абедзвюх краін, урада Беларусі, федэральных міністэрстваў Германіі, Саюза германскіх прамыслова-гандлёвых палат, а таксама галіновых аб'яднанняў і арганізацый.