25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзелавыя колы Аўстрыі азнаёмяцца з магчымасцямі ўдзелу замежных інвестараў у беларускай прыватызацыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі.
Сёння ў Вене праходзіць 12-е пасяджэнне беларуска-аўстрыйскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, у якім прымае ўдзел першы намеснік старшыні Дзяржкамітэта па маёмасці Аляксей Васільеў. Ён сустракаецца з кіраўніцтвам Аўстрыйскага агенцтва па кіраванні дзяржаўнымі долямі прадпрыемстваў і прыватызацыі.
Беларускі і аўстрыйскі бакі ўжо маюць вопыт узаемадзеяння па пытаннях прыватызацыі і распараджэння дзяржаўнай уласнасцю Беларусі. Аўстрыйцы атрымаюць прэзентацыйныя матэрыялы аб магчымасцях і ўмовах удзелу ў прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Беларусі. Акрамя таго, ім будзе прадстаўлены актуалізаваны пералік беларускіх прадпрыемстваў, якія ў бягучым годзе плануецца прыватызаваць.
Патэнцыяльных інвестараў таксама праінфармуюць, што працэс рэфармавання дзяржаўнай уласнасці, які прадаўжаецца ў Беларусі, прадугледжвае разгляд розных інвестыцыйных прапаноў аб прыватызацыі любога беларускага прадпрыемства на ўзаемавыгадных умовах. Заканадаўствам Беларусі забяспечваецца яго максімальная публічнасць, адкрытасць і празрыстасць. Пры гэтым прадугледжваюцца розныя варыянты ўкладання капіталу з распаўсюджваннем на замежных інвестараў нацыянальнага рэжыму ўдзелу ў прыватызацыі.