13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дыпламаты Беларусі і Казахстана лічаць магчымым шматразовае павелічэнне тавараабароту дзвюх краін - да $3,5-4 млрд. Аб гэтым ішла размова ў час прамога тэлемоста ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
"У 2021 годзе тавараабарот паміж Казахстанам і Беларуссю перасягнуў доўгачаканы мільярд долараў. І гэта без уліку паслуг. Я лічу, што гэта вельмі добры паказчык", - заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі Аскар Бейсенбаеў. Паводле яго слоў, супрацоўніцтва дзвюх краін знаходзіцца на вельмі высокім узроўні стратэгічнага партнёрства. "Нашы адносіны заўсёды вызначаліся надзейнасцю, стабільнасцю і ўзаемнай падтрымкай адзін аднаго на міжнароднай арэне. Я лічу, што ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і Казахстанам з'яўляюцца эталонам узаемаадносін для многіх дзяржаў", - падкрэсліў ён.
Разам з тым кіраўнік дыпмісіі перакананы, што мільярд долараў тавараабароту - гэта толькі пачатак: "Павінна быць намнога, у разы больш. Для першага этапу хацеў бы спыніцца на лічбе $3,5-4 млрд". Адказваючы на пытанне, да якога тэрміну магчыма дасягненне такіх лічбаў, пасол сказаў, што гэта залежыць ад дынамікі адносін: "Мы сёння выходзім ужо на новы ўзровень у эканамічных узаемаадносінах. Учарашнія нашы падыходы ўстарэлі. Ва ўсім свеце цэняцца інавацыйныя тэхналогіі, высокатэхналагічныя паслугі. Гэта значыць тыя сферы, эканомікі, якія маюць вельмі вялікі кошт. У гэтых адносінах у Беларусі ёсць вельмі добрыя напрацоўкі: біятэхналогіі, свабодныя эканамічныя зоны, Парк высокіх тэхналогій. У Казахстане ў гэтым плане таксама праводзіцца вельмі вялікая работа".
Ермухамет Ертысбаеў, які працаваў паслом Казахстана ў Беларусі да назначэння Аскара Бейсенбаева, з вялікай цеплынёй, пяшчотай і настальгіяй успамінае тыя гады дыпламатычнай службы. "Калі я ад'язджаў (у 2019 годзе. - Заўвага БЕЛТА), аб'ём тавараабароту складаў каля $600 млн. Цяпер ужо за мільярд пераваліла. Гэта мая мара была!" - сказаў ён.
Ён звярнуў увагу на цікавую асаблівасць: сальда ва ўзаемным гандлі дзвюх краін на працягу шэрага гадоў складваецца на карысць Беларусі. Прычым доля беларускага экспарту застаецца на высокім узроўні - больш як $900 млн. "Чаму? Таму што беларуская сацыяльна-эканамічная мадэль - гэта магутная вытворчасць, - адзначыў Ермухамет Ертысбаеў. - І гэта павінна нас стымуляваць. Інтэграцыйныя прамысловыя сувязі - гэта добра, мы павінны рабіць дзясяткі і сотні сумесных прадпрыемстваў. У беларусаў самае каштоўнае - чалавечы капітал, рабочыя рукі, інжынеры".
"Беларусь павінна нас натхняць. Там няма такога гіганцкага разрыву ў даходах. Гэта больш сацыяльна аднастайнае грамадства. Там няма страшэннай розніцы паміж беднымі і багатымі. У гэтым плане нам ёсць чаму вучыцца ў беларусаў", - дадаў ён.
Паводле яго слоў, адносіны паміж краінамі склаліся па-сапраўднаму дружалюбнымі: "Я раней жартам гаварыў, што мы, казахі і беларусы, шчыра любім адзін аднаго, у нас адносіны настолькі празрыстыя і сумленныя, таму што… у нас няма агульнай граніцы".
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Казахстане Павел Уцюпін звярнуў увагу, што ў аснове двухбаковага тавараабароту - прамысловасць, АПК, транспарт. Ён упэўнены, што ключавым пунктам росту ў будучым павінна стаць прамысловая кааперацыя, якая ўжо мае нядрэнныя вынікі: у Казахстане працуюць сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці камбайнаў, трактароў, грузавых аўтамабіляў, іншай тэхнікі. Асноўную задачу на перспектыву пасол фармулюе як развіццё гэтых вытворчасцей, паглыбленне лакалізацыі, асваенне новых відаў прадукцыі.