3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Два мультыбрэндавыя цэнтры беларускай тэхнікі ўрачыста адкрыты ў Омскай вобласці. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства прамысловасці.
Адкрыццё аб'ектаў адбылося ў рамках візіту дэлегацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта на чале са старшынёй Аляксандрам Турчыным з удзелам намесніка міністра прамысловасці Андрэя Кузняцова.
Статус мультыбрэндавых цэнтраў прысвоены двум омскім прадпрыемствам - АТ "База Агракамплект" і ТАА "Холдынг "ВелКом". Цікава, што Омская вобласць стала першым суб'ектам у Расійскай Федэрацыі, у якім адкрыліся адразу два такія аб'екты.
База "Агракамплект" з'яўляецца дылерам тэхнікі вядучых беларускіх прадпрыемстваў машынабудавання. Холдынг "ВелКом" таксама прадстаўляе на омскім рынку прадукцыю вядучых беларускіх вытворцаў.
"Сёння мы бачым узор таго, як павінен выглядаць мультыбрэндавы цэнтр класа А. Без дапамогі ўлад рэгіёна гэтага не атрымалася б. Упэўнены, гэта будзе садзейнічаць аптымальнаму супрацоўніцтву омскіх кампаній з нашымі беларускімі вытворцамі", - сказаў на цырымоніі Аляксандр Турчын.
Губернатар Омскай вобласці Віталь Хацэнка адзначыў, што дзякуючы рабоце цэнтраў у расійскіх аграрыяў з'явіцца доступ да шырокай лінейкі тэхнікі і абсталявання беларускай вытворчасці. "Гэта паслужыць добрым стымулам для развіцця нашага АПК. Для нас гэта вельмі важна, таму што сельская гаспадарка - адна з базавых галін омскай эканомікі. Для амічоў - гэта выдатная магчымасць без пасрэднікаў набыць якасную тэхніку і паслугі па яе сэрвісным абслугоўванні", - сказаў кіраўнік расійскага рэгіёна. Паводле яго слоў, дзякуючы адкрыццю такіх мультыбрэндавых цэнтраў супрацоўніцтва паміж Омскай вобласцю і рэгіёнамі Рэспублікі Беларусь выйдзе на новы ўзровень і будзе садзейнічаць росту ўзаемнага тавараабароту.
Нагадаем, што Прэзідэнт Беларусі на нарадзе аб стане і задачах развіцця прамысловасці звярнуў увагу на неабходнасць развіваць у Расіі мультыбрэндавыя цэнтры і рабіць упор на сэрвіснае абслугоўванне.
На думку Андрэя Кузняцова, адкрыццё ў Омску новых гандлёвых пляцовак стала важным крокам у далейшым развіцці і ўмацаванні гандлёва-эканамічных сувязей паміж рэгіёнамі дзвюх краін.