18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Другі форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі плануецца правесці ў Вялікім Ноўгарадзе ў верасні. Размова аб гэтым ішла сёння на пасяджэнні беларускай часткі арганізацыйнага камітэта па яго падрыхтоўцы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Савета Рэспублікі.
Пасяджэнне адбылося пад старшынствам намесніка старшыні Савета Рэспублікі Анатоля Русецкага. "Правядзенне форуму плануецца ў верасні бягучага года ў Вялікім Ноўгарадзе", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Акрамя таго, абмяркоўваліся напрамкі пашырэння беларуска-расійскага ўзаемадзеяння, у тым ліку на міжрэгіянальным узроўні.
Першы форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў у Мінску 5-6 чэрвеня 2014 года. З расійскага боку ўдзел у ім прынялі 188 чалавек (былі прадстаўлены 19 рэгіёнаў), з беларускага - 117 чалавек. Удзельнікі ў тым ліку звярнулі ўвагу на стан і ключавыя праблемы ўзаемадзеяння ў галіне АПК, выпрацавалі рэкамендацыі, якія будуць садзейнічаць правядзенню ўзгодненай аграрнай палітыкі і забеспячэнню харчовай бяспекі ў Саюзнай дзяржаве.