22 снежня, Астравецкі раён /Кар. БЕЛТА/. Другі энергаблок БелАЭС будзе ўведзены ў эксплуатацыю да лета 2022 года. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падчас наведвання БелАЭС, дзе пачалася загрузка ў рэактар другога энергаблока свежага ядзернага паліва, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сімвалічна, што гэта падзея супала з прафесійным святам - Днём энергетыка і стане добрым падарункам для ўсіх работнікаў галіны. "Сёння вельмі важны дзень - настаў этап фізічнага пуску другога энергаблока, пачалася загрузка свежага ядзернага паліва. Гэтаму папярэднічаў вялікі аб'ём падрыхтоўчай работы, працавалі нашы рэгулятары, правяралі выкананне ўсіх норм бяспекі,потым была выдадзена ліцэнзія. І сёння мы сталі сведкамі гістарычнай падзеі", - сказаў Раман Галоўчанка.
"Мы рухаемся згодна з планам і да лета наступнага года плануем увесці другі энергаблок, - дадаў ён. - Такім чынам, БелАЭС выйдзе на намінальную магутнасць і будзе генерыраваць каля 40 працэнтаў усёй электраэнергіі краіны". Гэта сур'ёзны крок ва ўмацаванні энергабяспекі Беларусі.
Першы намеснік генеральнага дырэктара па атамнай энергетыцы "Расатама" Аляксандр Лакшын адзначыў, што дзяржкарпарацыя будзе прадаўжаць актыўнае ўзаемадзеянне з беларускім бокам і пасля таго, як другі энергаблок БелАЭС будзе ўведзены ў эксплуатацыю. "Надзейнасць і бяспека тых энергаблокаў, якія мы будуем, мы лічым сваёй адказнасцю. Таму застанёмся побач і будзем аказваць падтрымку персаналу БелАЭС", - падкрэсліў ён.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт знаходзіцца паблізу Астраўца. Для першай АЭС у Беларусі выбраны расійскі праект пакалення 3+, які цалкам адпавядае міжнародным нормам і рэкамендацыям Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) па бяспецы.