21 снежня, Смалявіцкі раён /Кар. БЕЛТА/.
Дэпутаты маюць намер актыўней прыцягваць айчынных інвестараў у Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень". Аб гэтым сёння журналістам паведаміў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Паводле слоў віцэ-спікера, дэпутаты маюць намер актыўней папрацаваць у сваіх акругах для прыцягнення ў парк беларускіх інвестараў. У "Вялікім камені" ў іх прысутнасці вельмі зацікаўлены. Акрамя таго, парламентарыі маюць намер актыўней прэзентаваць магчымасці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка на міжнародных пляцоўках, прыцягваючы тым самым і замежных інвестараў. Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу, што ў Нацыянальным сходзе створана 74 групы дружбы з парламентамі іншых краін. Важна задзейнічаць гэты рэсурс.
Для рэзідэнтаў парка створаны беспрэцэдэнтна выгадныя ўмовы. Так, кампаніі на 10 гадоў вызваляюцца ад падатку на прыбытак, атрыманы ад рэалізацыі вырабленых на тэрыторыі парка тавараў, работ і паслуг. У сваю чаргу Беларусь разлічвае на прыток новых інвестыцый. "У бліжэйшыя гады мы ўбачым вельмі добрыя вынікі, - перакананы Баляслаў Пірштук. - Работа парка дасць вельмі сур'ёзны штуршок развіццю нашай эканомікі".
Парламентарыі маюць намер і далей удасканальваць беларускае заканадаўства, робячы больш прывабнымі ўмовы для бізнесу.
Важныя крокі ў гэтым напрамку ўжо зроблены - Прэзідэнтам падпісаны дэкрэт нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва", у краіне ўзяты курс на развіццё лічбавай эканомікі.
Сёння ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" праходзіць семінар Палаты прадстаўнікоў. Парламентарыі вывучаюць прававы рэжым парка, яго інфраструктуру. Абмяркоўваюцца створаныя тут магчымасці для прыцягнення інвестыцый і арганізацыі высокатэхналагічных вытворчасцей. Арганізатарамі семінара выступаюць Адміністрацыя Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, Палата прадстаўнікоў, СЗАТ "Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка", а таксама кампанія
"Чайна Мерчантс Груп".