25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэлегацыя Асацыяцыі экспарцёраў тэкстылю і гатовага адзення Стамбула (ITKIB) наведае Беларусь 28 верасня - 1 кастрычніка. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Дэлегацыю ўзначаліць старшыня Асацыяцыі экспарцёраў тэкстылю і сыравіны для лёгкай прамысловасці Імаіл Гюле. У яе склад увойдуць чатыры члены кіруючых саветаў і прадстаўнікі сакратарыята ITKIB. Дэлегацыя будзе знаходзіцца ў Беларусі ў рамках падрыхтоўкі да правядзення ў лістападзе Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Стамбуле. Арганізатарамі візіту з беларускага боку выступаюць канцэрн "Беллегпрам", ДУ "Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі", пасольства Беларусі ў Турцыі.
У час візіту запланаваны сустрэчы турэцкай дэлегацыі з партнёрскімі арганізацыямі Беларусі, наведванне выстаўкі "Белтэкслегпрам-2015". Бакі абмяркуюць перспектывы развіцця гандлёва-эканамічнага і кааперацыйнага супрацоўніцтва, а таксама рэалізацыю ў Беларусі інвестыцыйных праектаў, арыентаваных на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. Запланавана наведванне беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці і перспектыўных інвестыцыйных пляцовак.
ITKIB мае больш як 16 тыс. членаў і з'яўляецца буйнейшай у Еўропе галіновай асацыяцыяй прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. На членаў ITKIB прыпадае амаль 15 працэнтаў усяго турэцкага таварнага экспарту, уключаючы экспарт гатовага адзення на суму амаль $13 млрд у год, тэкстылю і сыравіны для тэкстыльнай прамысловасці - больш як $5 млрд, скуры і вырабаў з яе - амаль $1 млрд, дываноў і дывановых пакрыццяў - больш за $1 млрд.