18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны фінансавы часопіс Global Finance назваў Беларусбанк лепшым беларускім банкам на рынках Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў 2015 годзе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе банка.
Крытэрыямі для адбору лепшых былі: рост актываў, даходнасць, доўгатэрміновая стратэгія, абслугоўванне кліентаў, канкурэнтаздольнасць і інавацыйныя прадукты. У конкурсе прымалі ўдзел банкі з 21 краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Рэдактары Global Finance складаюць свой спіс лепшых банкаў пасля кансультацый з аналітыкамі індустрыі, карпаратыўнымі фінансавымі дырэктарамі і банкаўскімі кансультантамі па ўсім свеце. З мэтай павышэння дакладнасці даследавання апытваюцца карпаратыўныя чытачы часопіса. Вынікі публікуюцца аўтарытэтным выданнем штогод на працягу 22 гадоў.
Звання лепшага па версіі Global Finance Беларусбанк удастойваецца чацвёрты раз. Старшыня праўлення Беларусбанка Сяргей Пісарык адзначыў, што для банка вялікі гонар атрымаць такую высокую ацэнку міжнароднага ўзроўню.
Гісторыя Беларусбанка пачынаецца ў 1922 годзе. Сёння гэта буйнейшая ўніверсальная фінансава-крэдытная ўстанова, якая актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўных праграм, інвестыцыйных праектаў, ажыццяўляе крэдытаванне важнейшых галін прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, сацыяльнай сферы. Прыярытэтным напрамкам дзейнасці банка застаецца абслугоўванне насельніцтва.