31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь да канца года можа нарасціць экспарт у Кітай да $2,2 млрд, для гэтага ёсць усе перадумовы. Аб гэтым заявіў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.
"Аб'ёмы экспарту за пяць месяцаў выраслі на $1,8 млрд, або больш як 110 працэнтаў да студзеня - мая мінулага года. Сальда гандлю таварамі і паслугамі - дадатнае (плюс $164,5 млн)", - сказаў Аляксандр Чарвякоў.
Экспарт тавараў расце двухзначнымі тэмпамі - 113,9 працэнта да ўзроўню студзеня - мая 2022 года. "Найбольш актыўна прырастае экспарт спажывецкіх (128,3 працэнта) і інвестыцыйных (121,9 працэнта) тавараў. Такое павелічэнне забяспечана фізічнымі аб'ёмамі. Гэты факт пацвярджае, што наша прадукцыя знайшла свайго спажыўца на рынках дружалюбных краін і па-ранейшаму запатрабавана. Так, толькі за студзень - май пастаўкі ў Расію склалі $10,3 млрд, што супастаўна з гадавымі аб'ёмамі ў 2015-м і 2016-м гадах", - дадаў міністр.
Паводле яго слоў, аднаўляецца доля Беларусі ў расійскім імпарце. У гэтым годзе яна наблізілася да 9 працэнтаў, што значна перавышае сярэдні ўзровень у апошнія 20 гадоў - 5-6 працэнтаў.
"Продажы ў Кітай дасягнулі адзнакі $1 млрд, што перавышае ўжо гадавыя аб'ёмы экспарту да 2022 года. Адпаведна ёсць усе перадумовы для выхаду на мэтавыя $2,2 млрд, - акцэнтаваў увагу міністр. - Імпарт у нашу краіну таксама расце. Але гэта ў першую чаргу пастаўкі інвестыцыйнага абсталявання, тэхнікі і камплектуючых".