21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўная задача дзяржпраграм - пры абмежаваных рэсурсах дасягнуць максімальнага выніку. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў падчас чарговага пасяджэння пастаяннай міжведамаснай камісіі па дзяржаўных праграмах, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
На пасяджэнні разглядаліся прапановы па карэкціроўцы дзяржпраграм "Беларускі лес", "Будаўніцтва жылля", "Транспартны комплекс" і "Дарогі Беларусі".
Міністр эканомікі нагадаў, што ў адносінах да заказчыкаў дзяржпраграм прынцыповая пазіцыя камісіі і няўхільнае патрабаванне ўрада - не падганяць паказчыкі пад вынік, які складваецца ў канцы года.
"Галоўная задача дзяржпраграм - пры абмежаваных рэсурсах дасягнуць максімальнага выніку. Гэта лінія павінна чырвонай ніткай праходзіць у выглядзе пэўнай траекторыі праз кожны дакумент. А ўжо канкрэтныя выпадкі адхілення ад яе неабходна тлумачыць: чаму гэта адбылося, якія меры прымаліся, каб вярнуцца на зададзены трэк і прадаўжаць па ім рух. Гэтай пазіцыі мы будзем няўхільна прытрымлівацца. Інакш да канца пяцігодкі прыйдзем да сітуацыі, калі ўсе дзяржпраграмы прызнаны высокаэфектыўнымі, змешчаныя ў іх задачы выкананы, а праграма-2025 - не", - падкрэсліў Аляксандр Чарвякоў.
Паводле слоў кіраўніка эканамічнага ведамства, выпрацаваныя з усімі зацікаўленымі падыходы па ацэнцы дзяржпраграм будуць прапанаваны ўраду і кіраўніку дзяржавы пры ўнясенні змяненняў ва ўказ нумар 289.