20 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Чартары з аэрапорта Брэст у бягучым годзе будуць лятаць на курорты пяці краін. Упершыню будуць арганізаваны рэйсы ў Туніс, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Брэсцкага філіяла ДП "Белаэранавігацыя" Вадзім Губарэвіч.
"Летні расклад будзе насычаным. Больш за 90 чартарных рэйсаў запланавана, не лічачы Калінінграда, куды пачатак палётаў намечаны на першую дэкаду чэрвеня. На ўсё лета застаюцца палёты ў Егіпет. Як мяркуецца, чартары будуць лятаць туды круглы год, пакуль будзе запатрабаванасць. У бягучым годзе адкрываем новы напрамак - Туніс. Як і ў 2018-м, будуць палёты ў Турцыю, Чарнагорыю і Балгарыю", - сказаў Вадзім Губарэвіч.
На адпачынак у Егіпет з брэсцкага аэрапорта можна адправіцца ў Хургаду і Шарм-эш-Шэйх. Першы самалёт з турыстамі на борце вылеціць у турэцкую Анталью ў канцы мая. З чэрвеня авіязносіны звяжуць Брэст з чарнагорскім Ціватам і балгарскім Бургасам. Чартары ў Туніс будуць лятаць з канца мая да сярэдзіны верасня, запланавана 11 рэйсаў.
У гэтым годзе ў аэрапорце Брэста працягваецца рэканструкцыя агароджы, будаўніцтва аб'язной дарогі. Таксама вядзецца бягучы рамонт фасада аэравакзала.
Аэрапорт першай катэгорыі Брэст можа прымаць большасць тыпаў паветраных суднаў III-IV класа (Ан-12, Ан-24, Іл-76, Іл-62, Ту-134, Ту-154, Як-40, Як-42, Airbus A310, Airbus A319, Airbus A320, Airbus A321, Boeing 737-500(-800), Boeing 757-200, Boeing 767-300 (300ER) вагой да 191 т і размахам крылаў да 51,9 м. У 1993 годзе аэрапорту прысвоены статус міжнароднага. Аэрапортавы комплекс прапускной здольнасцю 400 пасажыраў у гадзіну ўключае камеры захоўвання, медпункт, пакой маці і дзіцяці, гасцініцу на 50 месцаў з аўтастаянкай.