15 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чарговы 130-тоннік БЕЛАЗ пачне работу на медным кар'еры ў Балгарыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Кар'ерны самазвал БЕЛАЗ-75137 адпраўлены балгарскай кампаніі. Машына папоўніць парк беларускіх самазвалаў вялікай грузападымальнасці, які налічвае ў краіне каля пяцідзесяці адзінак.
БЕЛАЗы гэтай серыі - адны з самых запатрабаваных кар'ерных самазвалаў не толькі на рынку СНД, але і далёка за яго межамі. "Беларускія вялікагрузы гэтага класа працуюць у розных кліматычных умовах, перавозяць горную масу высока ў гарах і ў глыбокіх кар'ерах. Сем мадыфікацый БЕЛАЗ-7513 у 140 выкананнях даюць магчымасць здабыўным кампаніям выбраць самазвал, які максімальна падыходзіць іх патрабаванням і ўмовам эксплуатацыі", - адзначылі ў прэс-службе.
ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.