9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа гатова забяспечыць лічбавую інфраструктуру для безбар'ернага гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй паміж Беларуссю і суб'ектамі Расіі. Аб гэтым заявіў старшыня праўлення БУТБ Аляксандр Асмалоўскі на першым беларуска-расійскім біржавым семінары "Рынак вытворчасці і спажывання сельскагаспадарчай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі", - паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе біржы.
Пры гэтым, паводле слоў Аляксандра Асмалоўскага, БУТБ не імкнецца поўнасцю замяніць сабой маркетынгавыя службы і тавараправодныя сеткі беларускіх і расійскіх кампаній, а гатова стаць дадатковым каналам збыту і закупак усёй гамы сельскагаспадарчых тавараў. "Рынак Расіі мае для нашай краіны першараднае значэнне. Менавіта на яго прыпадае ільвіная доля экспарту беларускага сухога малака, сметанковага масла, сыроў, мясапрадуктаў. У той жа час айчынныя сельгаспрадпрыемствы актыўна закупляюць расійскае збожжа, шрот алейных і кармавыя дабаўкі. У сувязі з гэтым біржавая пляцоўка можа стаць альтэрнатыўным высокатэхналагічным механізмам узаемадзеяння паміж спажыўцамі і вытворцамі з Беларусі і розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, - сказаў кіраўнік біржы. - За больш як 16 гадоў работы мы стварылі магутную лічбавую інфраструктуру, эфектыўную сістэму кантролю выканання здзелак, а таксама сетку брокерскіх арганізацый у многіх краінах свету. Усё гэта мы гатовы прапанаваць расійскім кампаніям, зацікаўленым у гандлі сельгаспрадукцыяй з Рэспублікай Беларусь, Еўрапейскім саюзам, Кітаем або любой іншай з 68 дзяржаў, прадстаўленых на нашай электроннай платформе".
Значны патэнцыял біржавога гандлю, які мог бы стаць магутным драйверам росту ўзаемнага тавараабароту, адзначыў і гандлёвы прадстаўнік Расіі ў Беларусі Юрый Залатароў. На яго думку, біржа з'яўляецца надзейным і бяспечным інструментам для ажыццяўлення экспартна-імпартных аперацый як для беларускіх, так і расійскіх суб'ектаў гаспадарання.
"Універсальнасць беларускай біржавой пляцоўкі не толькі ў шырокай наменклатуры тавараў, але і ў тым, што яна забяспечвае магчымасць для дыверсіфікацыі экспарту, а таксама істотна спрашчае выхад на новыя рынкі. Напрыклад, расійскія прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу могуць выкарыстоўваць беларускую біржу для паставак сваёй прадукцыі ў Еўропу, Азію, Блізкі Усход. Таму для расійскага і беларускага бізнесу вельмі важна перастаць жыць учарашнім днём і актыўна браць на ўзбраенне новыя сучасныя рашэнні і інструменты, адным з якіх, безумоўна, з'яўляецца Беларуская ўніверсальная таварная біржа", - падкрэсліў Юрый Залатароў.
Арганізатарамі мерапрыемства, якое праходзіць 9-10 лістапада і аб'яднала звыш 70 прадпрыемстваў аграрнага комплексу Беларусі і Расіі, з'яўляюцца БУТБ і Гандлёвае прадстаўніцтва Расіі ў Беларусі.