17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа мае намер наладзіць узаемадзеянне з цэнтрамі падтрымкі экспарту Сібірскай федэральнай акругі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
"Актыўны ўдзел рэгіянальных цэнтраў падтрымкі экспарту ў інфармаванні дзелавых колаў аб магчымасцях біржавога механізму ў знешнім гандлі будзе садзейнічаць развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сібірскай федэральнай акругай, забяспечваючы спрыяльныя ўмовы для росту тавараабароту", - сказаў начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці БУТБ Аляксандр Башлій у ходзе анлайн-канферэнцыі, арганізаванай Гандлёвым прадстаўніцтвам РФ у Беларусі і Расійскім экспартным цэнтрам.
"Рэгіянальныя цэнтры падтрымкі экспарту павінны быць у ліку галоўных праваднікоў ідэй біржавога гандлю, садзейнічаючы прыцягненню на таргі суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, зацікаўленых у выхадзе на рынак Беларусі і трэціх краін. На біржы акрэдытаваны і працуюць 28 кампаній з пяці рэгіёнаў Сібірскай федэральнай акругі. Пры гэтым па суме здзелак, заключаных у мінулым годзе, лідзіруе Кемераўская вобласць. Яна ж увайшла ў топ-3 рэгіёнаў Расіі па аб'ёме біржавога тавараабароту з Беларуссю - галоўным чынам дзякуючы значным пастаўкам энергетычнага вугалю для беларускіх прамысловых прадпрыемстваў. Вытворчыя і гандлёвыя арганізацыі Новасібірскай вобласці і Алтайскага края таксама даволі рэгулярна рэалізоўвалі сваю прадукцыю на біржавой пляцоўцы. Ільвіная доля продажаў прыпала на алейнае семя рапсу і сланечніку, а таксама імпартазамяшчальныя тавары прамысловага прызначэння", - расказаў Аляксандр Башлій.
На думку прадстаўніка БУТБ, у поўнай меры раскрыць патэнцыял супрацоўніцтва ў сферы біржавога гандлю можна толькі шляхам аб'яднання намаганняў біржы з рэгіянальнымі цэнтрамі падтрымкі экспарту, у тым ліку ў фармаце брокерства. З гэтай мэтай у бліжэйшай перспектыве плануецца арганізаваць на базе БУТБ пілотны навучальны семінар для супрацоўнікаў цэнтраў падтрымкі экспарту з розных рэгіёнаў Расіі, у тым ліку з Сібірскай федэральнай акругі.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.