5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арматурны пракат вытворчасці ААТ "БМЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БМК" на агульную суму $4,3 млн рэалізаваны ў Польшчу па выніках гандлёвых сесій, якія праходзілі ў пачатку 2021 года на Беларускай універсальнай таварнай біржы. У параўнанні са студзенем - чэрвенем 2020 года паказчык экспарту прадукцыі БМЗ на польскі рынак вырас амаль у чатыры разы, пры гэтым кола пастаянных пакупнікоў рэгулярна пашыраецца, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
"Узаемадзеянне біржы з Беларускім металургічным заводам па прасоўванні айчынных металавырабаў на замежныя рынкі пачалося ў канцы 2019 года. Першым сумесным праектам сталі экспартныя таргі стальной арматурай на перспектыўны для БМЗ рынак Польшчы. Паколькі далёка не кожная польская кампанія была гатова працаваць на ўмовах 100-працэнтнай перадаплаты і адтэрміноўкі пастаўкі, спатрэбіўся пэўны час на пошук і прыцягненне на біржавую пляцоўку патэнцыяльных пакупнікоў. Затое цяпер у кожнай гандлёвай сесіі ў нас удзельнічаюць не два-тры польскія імпарцёры, як было ў самым пачатку, а не менш як дзесяць. Такім чынам, па-першае, забяспечваецца высокі ўзровень канкурэнцыі ў ходзе таргоў, а па-другое, стабільна растуць аб'ёмы продажаў беларускай арматуры ў Польшчу. З улікам спрыяльнай цэнавай кан'юнктуры на польскім рынку разлічваем на далейшае павелічэнне паставак прадукцыі БМЗ у гэту краіну і ў другім паўгоддзі", - адзначылі ў прэс-службе.
Экспарт прадукцыі праз біржавую пляцоўку БМЗ ажыццяўляецца ў рамках штотыднёвай гандлёвай сесіі па рэалізацыі вырабаў з чорных і каляровых металаў, а таксама іх лому і адходаў на знешні рынак. З пачатку года тавараабарот па гэтым напрамку склаў $11 млн. Здзелкі заключалі кампаніі з шасці краін.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.