4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа актывізуе біржавы гандаль з Пензенскай вобласцю Расіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Старшыня праўлення біржы Аляксандр Асмалоўскі сустрэўся з губернатарам Пензенскай вобласці Алегам Мельнічэнкам на базе Гандлёвага прадстаўніцтва Расіі ў Беларусі. "Біржавая пляцоўка паслужыць дадатковым механізмам рэалізацыі сумеснага гандлёвага патэнцыялу Беларусі і Пензенскай вобласці Расіі, забяспечыўшы непасрэдны кантакт і спрыяльныя ўмовы работы для беларускіх і расійскіх кампаній", - цытуе прэс-служба словы кіраўніка БУТБ.
Паводле слоў кіраўніка біржы, менавіта развіццё ўзаемадзеяння з рэгіёнамі РФ стала асноўным драйверам росту біржавога тавараабароту паміж Беларуссю і Расіяй у 2021 годзе. "У мінулым годзе мы сканцэнтравалі ўвагу на кампаніях з рэгіёнаў РФ - Смаленскай, Бранскай, Калінінградскай і іншых абласцей, і гэта стаўка сыграла. Для ўдзелу ў таргах акрэдытаваліся 253 новыя арганізацыі, а біржавы тавараабарот з Расіяй вырас у паўтара раза, да $574 млн. У гэтым годзе разлічваем палепшыць гэтыя паказчыкі як шляхам актывізацыі ўзаемадзеяння з рэгіёнамі, якія прадстаўлены ўжо на біржавой пляцоўцы, так і за кошт уключэння новых суб'ектаў РФ у біржавы гандаль", - адзначыў Аляксандр Асмалоўскі.
Пензенская вобласць уяўляе для біржы асаблівы інтарэс як пастаўшчык запатрабаваных на беларускім рынку тавараў сельскагаспадарчай групы. У першую чаргу гэта кармавыя дабаўкі, збожжа, шрот і насенне алейных. За першы квартал сума біржавых здзелак з гэтай прадукцыяй перавысіла $34 млн. Для пензенскіх вытворцаў гэта выдатная магчымасць нарасціць экспарт і пашырыць кола дзелавых партнёраў. У той жа час беларускія прадпрыемствы маглі б пастаўляць у Пензенскую вобласць малакапрадукты і прадукцыю нафтахімічнай галіны, тым больш што гэтыя тавары паспяхова ўжо рэалізуюцца ў суседнія рэгіёны.
"Агульных інтарэсаў шмат. Трэба толькі пачаць працаваць, і вынікі не прымусяць сябе чакаць", - рэзюмаваў Аляксандр Асмалоўскі.