16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня праўлення Беларускай універсальнай таварнай біржы Аляксандр Асмалоўскі і старшыня праўлення Егіпецкай таварнай біржы (EGYCOMEX) Ібрагім Эль Ашмаві падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні. Падпісанне адбылося ў час афіцыйнага візіту ў Беларусь егіпецкай дэлегацыі пад кіраўніцтвам міністра ўнутранага гандлю і забеспячэння Егіпта Алі аль Саеда Алі аль-Масельхі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Бакі абавязуюцца развіваць супрацоўніцтва па такіх напрамках, як электронны біржавы гандаль стратэгічнымі відамі тавараў, абмен вопытам выкарыстання біржавога механізму ў гандлёва-закупачнай дзейнасці, вывядзенне на біржавы рынак новых таварных пазіцый, запатрабаваных у Беларусі і Егіпце, уключэнне ў біржавы гандаль суб'ектаў гаспадарання абедзвюх краін, арганізацыя сумесных мерапрыемстваў, садзейнічанне ўмацаванню дзелавых сувязей паміж беларускімі і егіпецкімі кампаніямі. Акрамя таго, плануецца прапрацаваць магчымасць выкарыстання праграмных прадуктаў БУТБ пры арганізацыі ў Егіпце спотавых біржавых таргоў сельгаспрадукцыяй.
Аляксандр Асмалоўскі падкрэсліў, што візіт егіпецкай дэлегацыі - важны і знакавы для беларускага боку. "Егіпет - моцная эканоміка, адна з найбольш хутрарослых на Афрыканскім кантыненце. Нам важны такія сустрэчы і кантакты. Мы падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве з Егіпецкай таварнай біржай, якая сёння толькі ўтвараецца ў Каіры. Спадзяёмся, што гэта дапаможа нам палепшыць сваю работу на егіпецкім рынку. Таксама мы разлічваем, што дапаможам сваімі ведамі і вопытам егіпецкаму боку. БУТБ вельмі шырока заявіла пра сябе ва ўсім свеце, нас ведаюць у 66 краінах. З намі хочуць працаваць і супрацоўнічаць", - адзначыў ён.
Паводле слоў Алі аль Саеда Алі аль-Масельхі, адна з прыярытэтных задач - павелічэнне аб'ёму ўзаемнага гандлю з Беларуссю. "Мы тут назіраем за функцыянаваннем таварнай біржы, асабліва з пункту гледжання тэхналагічнай платформы. Мы разглядаем магчымасці ўстанаўлення каналаў для перадачы тэхналогій і ведаў, а таксама пашырэння ўзаемадзеяння паміж біржамі Беларусі і Егіпта", - сказаў ён.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.