1 чэрвеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У "Беларуснафце" ўстанавілі адразу два абсалютныя рэкорды сутачнай праходкі сярод буравых брыгад. На свідравіне нумар 604 Рэчыцкага радовішча за суткі прайшлі 648 м горных парод. На Краснасельскай плошчы рэкорд устаноўлены пры бурэнні бакавых ствалоў - 344 м, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Рэкорд сутачнай праходкі на Рэчыцкім радовішчы належыць брыгадзе нумар 14 СУБРа (майстар Яўген Прахоцкі). Тут на буравой устаноўцы эшалоннага тыпу 3Д-76 будуюць эксплуатацыйную свідравіну глыбінёй 3210 м. Папярэдні рэкорд сутачнай праходкі на такім жа тыпе буравой устаноўкі пратрымаўся больш за год - з 18 сакавіка 2020 года. Тады на свідравіне нумар 174 Вішанскага радовішча прайшлі 553 м. Абсалютнай скорасцю праходкі сярод буравых брыгад да нядаўняга часу лічыўся 621 м у суткі. Яе зафіксавалі 12 лютага гэтага года на свідравіне нумар 150 Давыдаўскай плошчы. Бурылі на ўстаноўцы АРС-250.
У "Беларуснафце" падкрэслілі, што ўстанавіць новы абсалютны рэкорд удалося дзякуючы зладжанай рабоце некалькіх падраздзяленняў - Светлагорскага ўпраўлення буравых работ, сэрвіснай службы па нахільна-накіраваным бурэнні ўпраўлення па павышэнні нафтааддачы пластоў і рамонце свідравін, тампанажнага ўпраўлення.
Такая ж спрацаванасць калектываў розных службаў дала магчымасць устанавіць яшчэ адзін абсалютны рэкорд сутачнай праходкі - па бурэнні бакавых ствалоў. Рэзультат 344 м зафіксаваны на свідравіне нумар 220s2 Краснасельскага нафтавага радовішча.
Праектная глыбіня свідравіны - 3704 м, працягласць ствала - 1105 м. Належыць новае дасягненне брыгадзе нумар 16 (майстар Сяргей Грабянчук) упраўлення па павышэнні нафтааддачы пластоў і рамонце свідравін. Працуе калектыў на ўстаноўцы АРС-225.
Папярэдні максімум фіксавалі на свідравіне нумар 59s2 Вішанскага нафтавага радовішча 31 жніўня мінулага года - 333 м.
Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў іншых краінах.