31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка беларускіх вытворцаў "Made in Belarus" пройдзе ў Астане 16-18 жніўня і стане самым маштабным выставачным мерапрыемствам Беларусі ў Казахстане за апошнія пяць гадоў, паведамілі БЕЛТА ў выставачным унітарным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа".
У буйнейшым выставачным цэнтры "Корме" будзе прадстаўлены шырокі спектр беларускіх тавараў і паслуг (машынабудаванне і прамысловае абсталяванне; сельская гаспадарка і прадукты харчавання; нафтахімічная прамысловасць; дрэваапрацоўка і будаўнічыя матэрыялы; лёгкая прамысловасць; медыцына і фармацэўтыка; спорт і турызм; транспарт і лагістыка; навукова-тэхнічныя дасягненні і адукацыйныя паслугі; інфармацыйныя тэхналогіі і тэлекамунікацыі).
Свой удзел у выстаўцы пацвердзілі ўжо дзясяткі прадпрыемстваў-экспарцёраў, сярод якіх флагман Беларускі металургічны завод, СП ААТ "Брэстгазаапарат", канцэрн "Белдзяржхарчпрам", ААТ "Агракамбінат "Скідзельскі", ААТ "Птушкафабрыка "Дружба", ААТ "Малочны гасцінец", ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат"; ЗАТ "Вітэкс", ААТ "Галантэя" і іншыя кампаніі.
Плануецца, што ў цырымоніі адкрыцця выстаўкі беларускіх вытворцаў "Made in Belarus", прымеркаванай да Дня Беларусі ў рамках "ЭКСПА 2017", прыме ўдзел прэм'ер-міністр Беларусі.
Пры падтрымцы Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў час выстаўкі запланавана шырокая дзелавая праграма, у тым ліку беларуска-казахстанскі бізнес-форум.
Арганізатар выстаўкі беларускіх вытворцаў "Made in Belarus" у Казахстане - Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Выставачны аператар - унітарнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа". Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Казахстане.