30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Будаўніцтва МКАД-2 вядзецца ў адпаведнасці з нарматыўнымі тэрмінамі, пры гэтым асноўны ўпор робіцца на эканомію сродкаў без урону для якасці. Аб гэтым далажыў 30 ліпеня Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як выконваюцца раней дадзеныя даручэнні, у тым ліку па будаўніцтве другой кальцавой аўтадарогі, другой узлётна-пасадачнай паласы ў нацыянальным аэрапорце, вынасе авіярамонтнага завода, а таксама эфектыўнасцю работы чыгуначнай галіны.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў далажыць, як рэалізуецца праект платных дарог. "У нас там два моманты: платныя дарогі і "пісьмы шчасця", як іх называюць, інакш кажучы фіксацыя перавышэння скораснага рэжыму і штрафныя санкцыі. Што ў нас тут адбываецца? Які ў нас тут вопыт, што кажуць аб гэтым людзі, на што скардзяцца? І які ад гэтага эфект?" - сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што галоўным з'яўляецца прымяненне новых тэхналогій па будаўніцтве і абслугоўванні дарог.
Анатоль Сівак далажыў, што першы этап будаўніцтва другой кальцавой аўтадарогі будзе завершаны ў гэтым годзе.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе ўчасткі аўтадарогі трэба бачыць у такім ракурсе, каб у далейшым яны не стварылі праблем. "Каб не было так, як кажуць у народзе, што скупы плаціць двойчы. Недзе сэканомілі, а потым будзем "штурмаваць" для таго, каб яе расшырыць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца праекта платных дарог, то, паводле слоў міністра, для таго каб акупіўся першы этап, неабходна яшчэ 8 месяцаў. Ён адзначыў, што міністэрства прытрымліваецца такой пазіцыі, што пасля рэканструкцыі вялікай аўтадарогі праз пэўны прамежак часу яна становіцца платнай. У прыватнасці, у хуткім часе плануецца зрабіць платным участак аўтадарогі Жлобін-Гомель.
Прэзідэнт даручаў у лютым заканадаўча ўнесці змяненні ў дакументы, каб зняць шэраг праблемных пытанняў. Як адзначыў Анатоль Сівак, шэраг рашэнняў быў прыняты на ўзроўні ўрада. Акрамя таго, уносяцца змяненні ў інвестыцыйны дагавор, дзе прад'яўляюцца пэўныя патрабаванні да аператара сістэмы платных дарог, каб грамадзяне мелі больш аператыўную і аб'ектыўную інфармацыю аб платных дарогах, маглі карыстацца паслугамі ўласнай электроннай скрыні на сайце.
На сустрэчы абмяркоўвалася і пытанне будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Цяпер ідуць работы па яе праектаванні. Кіраўніку дзяржавы даложана аб тым, як ідуць работы па вынасе авіярамонтнага завода на пляцоўку нацыянальнага аэрапорта.
Размова ішла таксама аб рабоце чыгуначнай галіны. Паводле слоў міністра, чыгуначныя перавозкі крыху прайграюць па эфектыўнасці аўтамабільнаму транспарту.