Наяўнасць уласнай сыравіннай зоны - важная частка мясаперапрацоўчай галіны Беларусі. Дарэчы, перад АПК краіны ў гэтым годзе стаяць сур'ёзныя задачы па павелічэнні вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Паколькі важна не толькі забяспечыць якасным мясам сябе, але і паставіць дастатковыя аб'ёмы прадуктаў харчавання на экспарт. Начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Мінсельгасхарча Наталля Соніч расказала аб тым, якіх вынікаў дасягнула галіна ў мінулым годзе і якія планы ў перапрацоўшчыкаў на будучыню.
Паводле слоў Наталлі Соніч, у цэлым ва ўсіх катэгорыях гаспадарак Беларусі за 2022 год было атрымана 1,735 млн т мяса жывёлы і птушкі.
"У 2021 годзе мы не дасягнулі патрэбнага нам ўзроўню збожжавага ўраджаю. У сувязі з гэтым шэраг сельгасарганізацый адчуў недахоп камбікармоў. У асноўным жывёлу кармілі травяністымі кармамі, якія не забяспечваюць тых сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе, якіх мы хацелі б дасягнуць. Акрамя таго, з-за знешніх абставін у пачатку 2022 года мы не змаглі хутка пераарыентавацца на завоз бялковай сыравіны для камбікормавай прамысловасці для нашых свінакомплексаў і птушкафабрык. Пры гэтым на працягу месяца мы ўсё ж змаглі знайсці новыя рынкі і забяспечылі сваю камбікормавую прамысловасць. І ўсё ж нельга не адзначыць, што ўсе гэтыя падзеі паўплывалі на нашы аб'ёмы і тэмпы вытворчасці", - растлумачыла спецыяліст.
Аднак яна дадала, што ў параўнанні з 2012 годам Беларусь прырасла ў вытворчасці на 100 тыс. т прадукцыі.
"У 2012 годзе вытворчасць буйной рагатай жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях у нас дасягала 637 тыс.т, свінагадоўля - амаль 473 тыс.т, а птушкагадоўля - 467 тыс.т. Адзначу, што ў 2022 годзе ў параўнанні з 2021 годам у нас прырасла вытворчасць птушкі. Такія ж задачы ставяцца і на бягучы год", - расказала начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Мінсельгасхарча.
Яна падкрэсліла, што вытворчасць мяса буйной рагатай жывёлы ў структуры мясной прамысловасці складае 36,6 працэнта, свініны - 24 працэнты, а мяса птушкі - амаль 40 працэнтаў.
"У гэтым годзе мы плануем атрымаць 640 тыс.т мяса БРЖ, што па аб'ёме больш, чым у 2022 годзе. Пры гэтым сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе нам трэба будзе падняць усяго на 15 г. У бягучым годзе ў нас ужо ёсць прырост па вытворчасці буйной рагатай жывёлы, і ён складае больш як 102 працэнты, а па выніках года чакаем 104 працэнты. Так, да 2025 года плануем выйсці на вытворчасць 713 тыс.т названай прадукцыі", - заявіла Наталля Соніч.
У Беларусі больш за 90 працэнтаў чорна-пярэстай жывёлы выкарыстоўваецца ў вытворчасці мяса БРЖ. Акрамя таго, 161 сельскагаспадарчая арганізацыя займаецца гадоўляй элітных парод: абердзін-ангусаў, лімузінаў, герэфордаў, а таксама помесі пакаленняў; 32 прадпрыемствы займаюцца чыстапародным развядзеннем.
"У абласцях цяпер актыўна развіваюцца беларускія дзяржплемпрадпрыемствы. Толькі за мінулы год мы рэалізавалі на экспарт абердзін-ангусаў, лімузінаў і герэфордаў больш як на $1 млн", - адзначыла спецыяліст.
Так, на 1 студзеня 2023 года для вытворчасці мяса з элітных парод у Беларусі выкарыстоўвалася па 36 працэнтаў абердзін-ангусаў і герэфордаў, лімузінаў - 26 працэнтаў, шарале - 2 працэнты.
Як запэўніла начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Мінсельгасхарча, па мясных якасцях усе гэтыя пароды мала чым адрозніваюцца, але на экспарт племянных гаспадарак больш запатрабаваны менавіта абердзін-ангусы і герэфорды. Менавіта таму лімузінаў цяпер у нас атрымліваецца менш, хоць раней яны ўсе былі на ўзроўні. Акрамя таго, у Беларусь завезены такія пароды, як бельгійская блакітная і хайлендская карова.
У мінулым годзе ў Беларусі атрымалі амаль 400 тыс.т свініны, а ў бягучым годзе плануюць атрымаць 418,6 тыс.т, што на 4,7 працэнта больш.
"Гэтыя паказчыкі будуць дасягнуты за кошт таго, што ў строй увайшлі новыя свінакомплексы. У прыватнасці, уведзены два свінакомплексы ў Віцебскай вобласці (Гараны і Пушкі) і адзін у Пінскім раёне. Акрамя таго, у свінагадоўчым комплексе ў Клімавіцкім раёне пачынаецца камплектаванне. За кошт гэтага і будуць выраблены дадатковыя аб'ёмы прадукцыі", - сказала Наталля Соніч.
Таксама яна звярнула ўвагу на тое, што ў нашай краіне захоўваецца добрая эпізаатычная абстаноўка. Пры гэтым, паводле слоў спецыяліста, у 2021 годзе ва Украіне было зафіксавана 16 выпадкаў афрыканскай чумы, а ў 2022 годзе - 9; у Расіі ў 2021 годзе - 268, а ў 2022 годзе - 141 выпадак; у Латвіі ў 2021 годзе - 360, у 2022 годзе - 880; у Польшчы ў 2021 годзе - 2338, а ў 2022 - 1763 выпадкі.
Як адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Мінсельгасхарча, узровень самазабеспячэння адносна мяса птушкі ў Беларусі складае 185 працэнтаў. У вытворчасці такога мяса амаль 98 працэнтаў займае мяса бройлераў, астатняе - гэта мяса індычкі, качкі, а таксама іншыя віды (перапёлкі, цацаркі і гусі).
"На нашых птушкафабрыках палепшана эпізаатычная сітуацыя, зроблены санпрапускнікі і ўкаранёны іншыя тэхналогіі. Многія з фабрык плануюць пераспецыялізаваць. Таксама ў перспектыве будаўніцтва новых комплексаў. У бягучым годзе чакаем атрымаць больш за 701 тыс.т мяса птушкі ў вялікіх сельгасарганізацыях", - заявіла спецыяліст.
Яна дадала, што да 2025 года за кошт павелічэння плошчаў шэрага птушкафабрык плануецца выхад на вытворчасць 772 тыс.т мяса птушкі.
Гаворачы пра вынікі вытворчасці за студзень-сакавік 2023 года, Наталля Соніч падкрэсліла, што ўзровень вытворчасці малака ў Беларусі склаў 104,2 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года, гадоўлі жывёлы і птушкі - 103,8 працэнта, у прыватнасці БРЖ - 101,6 працэнта, свіней - 101 працэнт, птушкі - 107,5 працэнта.
"Паводле нашых падлікаў, за студзень-красавік вытворчасць птушкагадоўлі будзе на ўзроўні 108,4 працэнта. Спадзяёмся, што тэмпы вытворчасці будуць расці і далей", - рэзюмавала начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Мінсельгасхарча.
БЕЛТА.