12 красавіка, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Больш як 470 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу плануецца пабудаваць у Беларусі да 2020 года, паведаміў сёння журналістам міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак перад пачаткам Прэзідыума Савета Міністраў "Аб развіцці прыдарожнага сэрвісу ў Беларусі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы прынялі "Генеральную схему развіцця прыдарожнага сэрвісу на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах у Беларусі на 2015-2020 гады". Там пазначаны месцы, дзе могуць быць пабудаваны тыя ці іншыя аб'екты прыдарожнага сэрвісу. Галоўная задача - выкананне даручэнняў, якія былі дадзены Прэзідэнтам: каб гэта не былі землі сельскагаспадарчага прызначэння, каб прыдарожны сэрвіс размяшчаўся бліжэй да населеных пунктаў, што больш эканамічна выгадна", - адзначыў Анатоль Сівак.
Паводле яго слоў, плануецца пабудаваць 475 новых аб'ектаў. "Мы не абмяжоўваем будаўніцтва, але трэба ўлічваць патрэбнасці рынку", - сказаў міністр.
Цяпер у Беларусі працуюць 1 тыс. 747 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. "У нас ёсць устаноўленыя крытэрыі па адлегласці паміж аб'ектамі прыдарожнага сэрвісу. Сёння гэта адлегласць вытрымліваецца - 42 км паміж АЗС і 30 км паміж пунктамі харчавання. Цяпер мы будзем працаваць над развіццём комплекснасці кожнага пункта, гэта значыць, будзем развіваць па відах сэрвісу. І развіваць якасна", - падкрэсліў Анатоль Сівак.