15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 30 прадпрыемстваў канцэрна "Беллегпрам" у 2020 годзе выстаўлялі заяўкі на продаж і ўдзельнічалі ў біржавых таргах на Беларускай універсальнай таварнай біржы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
"У лік самых запатрабаваных тавараў увайшлі розныя віды тканін, абутак і сродкі індывідуальнай аховы. Гэту прадукцыю прадпрыемствы канцэрна рэалізуюць пераважна на ўнутраным рынку ў секцыі прамысловых і спажывецкіх тавараў. У той жа час шэраг таварных пазіцый рэгулярна выстаўляюць і на экспартныя біржавыя таргі", - расказаў Раман Яніў.
Цяпер у гандлёвай сістэме біржы пастаянна знаходзяцца каля 1 тыс. заявак на продаж ад прадпрыемстваў канцэрна "Беллегпрам". Пакуль яны ахопліваюць адносна невялікі асартымент прадукцыі, але ён паступова пашыраецца. Паводле слоў начальніка ўпраўлення таргоў прамысловымі і спажывецкімі таварамі БУТБ Антона Зарэцкага, толькі за апошнія некалькі месяцаў дадалося каля 50 новых пазіцый.
У бягучым годзе плануецца значна больш увагі надаваць прасоўванню беларускіх тавараў лёгкай прамысловасці на экспарт. "У нас ужо ёсць станоўчы вопыт работы на замежных рынках у пастаўцы будаўнічых матэрыялаў і прадуктаў харчавання. Гэта значыць можна сказаць, што пэўную нішу мы ўжо занялі. Таму цяпер актыўна займаемся прыцягненнем патэнцыяльных пакупнікоў з ліку як пастаянных кліентаў, так і яшчэ не акрэдытаваных на біржы кампаній", - адзначыў Антон Зарэцкі.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.
У секцыі прамысловых і спажывецкіх тавараў БУТБ у 2020 годзе праведзена звыш 70 тыс. здзелак на агульную суму Br430 млн, што на 6 працэнтаў больш, чым годам раней. Асноўная доля продажаў прыпала на будаўнічыя матэрыялы, тэхналагічнае абсталяванне і прадукцыю нафтахіміі.